Сяргей Тарасаў працуе над кнігай пра Еўфрасінню Полацкую



Сённяшняе ўяўленне пра наша мінулае неўзабаве набудзе істотныя ўдакладненні. Так кажуць некаторыя навукоўцы, у тым ліку гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў. Звязана гэта з тым, што адкрываюцца ўсё новыя і новыя матэрыялы, пераважна ў замежных архівах, а таксама падчас археалагічных даследаванняў.

Сяргей Тарасаў трэці год працуе над кнігай пра Святую Еўфрасінню Полацкую. Знойдзеныя ім новыя матэрыялы не толькі пральюць святло на вядомыя факты яе жыцця, але і ўдакладняць яе біяграфію.

Кажа гісторык Сяргей Тарасаў:

– Той матэрыял, які ёсць у мяне, ён можа быць у некаторым сэнсе абсалютна эксклюзіўным аб Еўфрасінні. Шмат чаго пазбіраў, але я не спяшаюся, таму што разумею, пад якую лупу і ў якіх акуляраў гэтую кніжку потым будуць чытаць, разглядаць і абмяркоўваць. Не столькі, можа, шараговыя чытачы, колькі нашая Царква ўсіх канфесій.

Сяргей Тарасаў – вядомы даследчык гісторыі Полацкага княства. У 90-х гадах вёў актыўныя археалагічныя даследаванні Полацка. У 1992 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Гісторыка-тапаграфічная структура Полацка IX–XVIII стст».

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя