Сяргей Тарасаў: Я не выключаю, што Усяслаў ляжыць тут да сённяшняга дня



Вядомы гісторык, археолаг і пісьменнік Сяргей Тарасаў прачытаў побач са сценамі легендарнага полацкага Сафійскага сабора лекцыю на тэму „Усяслаў Чарадзей і яго роля ў станаўленні Беларускай Дзяржаўнасці. Да 919-годдзя памяці”.

Сяргей Тарасаў мяркуе, што славуты полацкі князь быў пахаваны ў Сафійскім саборы.

– Калі перабудоўваўся сабор Глаўбіцам і Касінскім, калі змянілася арыентацыя сабора, то ўсходняя частка трапіла пад новую, сучасную абсіду. І калі ў 70-х гадах тут праводзіліся доследы ленінградскімі археолагамі, яны маглі ўскрыць толькі цэнтральную частку старажытнага сабора. А паўднёвы прыдзел, паўднёвая частка, апынулася пад сучаснай новай абсідай. І там ніхто нічога не даследаваў. Я не выключаю, што Усяслаў ляжыць там да сённяшняга дня. Таму што, самі разумееце, а дзе яму яшчэ ляжаць як ні ў гэтым Сафійскім саборы.   

Гэта была ўжо другая лекцыя па гісторыі Полацка Сяргея Тарасава, якую ён прачытаў побач з полацкім Сафійскім саборам. Сяргей Тарасаў актыўна выступае супраць пабудовы побач з Сафійскім саборам кадэцкай вучэльні, працы над якой ужо пачаліся. Сваімі лекцыямі ён паказвае значнасць гэтага сакральнага месца для Беларусі.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя