Сяргей Тарасаў: Як жа можна таптаць яго кадэцкімі ботамі?
Ні грамадская думка, ні думка спецыялістаў у Беларусі не мае ніякага значэння. Некалькі месяцаў вядомы археолаг і гісторык Сяргей Тарасаў пісаў звароты і лісты ў розныя дзяржаўныя інстанцыі і тлумачыў, чаму нельга будаваць побач з полацкім Сафійскім саборам кадэцкую навучальную ўстанову. Але безвынікова – будаўніцтва побач з Сафіяй працягваецца.
Кажа Сяргей Тарасаў:
– Гэта сэрца нашай краіны, гэта сапраўды наш гістарычны і археалагічны Грааль. Як жа можна таптаць яго кадэцкімі ботамі? Па-другое, ёсць планы, даўно ўжо распрацоўваюцца і мной, і Уладзімірам Цялежнікавым, былым дэпутатам Вярхоўнага савета? аб стварэнні тут гісторыка-культурнай зоны, музея пад адкрытым небам. І гэта было б прыстасаванне гістарычнага месца пад гісторыка-культурныя турыстычныя патрэбы, але ніяк не пад кадэцкі корпус.
«Поўны валюнтарызм і непавага да сваёй спадчыны і гісторыі», – так Сяргей Тарасаў пракаментаваў у сваім фэйсбуку працяг будаўніцтва каля Сафійскага сабора. «З часам усё адно гэтыя будынкі прыйдзецца яшчэ раз, пад іншыя патрэбы, рэканструяваць», – адзначыў гісторык.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя