Сяргей Токць прэзентаваў кнігу пра мясцовую шляхту Гарадзеншчыны
Сваю новую манаграфію пра гісторыю мясцовай шляхты Гарадзеншчыны 19-га стагоддзя прадставіў на суд чытачоў даследчык Сяргей Токць.
У Цэнтры гарадскога жыцця аўтар прачытаў лекцыю, пасля якой прайшла дыскусія пра беларускую шляхту: іх прозвішчаў, нацыянальную і палітычную самасвядомасць, сацыяльны статус і правы. Куды скіроўвала свае высілкі шляхта ва ўмовах адсутнасці самакіравання, кажа доктар гістарычных навук Сяргей Токць:
– Часта праблемай была адсутнасць магчымасцяў для самарэалізацыі. Грамадства было яшчэ пост феадальным і людзі з цудоўнай адукацыяй, грамадскімі рамантычнымі ідэаламі вельмі часта не маглі іх рэалізаваць. Адсюль такі радыкалізм, асабліва сярод шляхецкай моладзі. Такія асобы, як Каліноўскі, ім сапраўды даволі складана было рэалізавацца ў гэтай іерархічнай сістэме, дзе ўсё кантралявалася.
Вывучэнне гісторыі шляхты ў нашай краіне мае пераемнасць. Ужо існуе цэлая група навукоўцаў і даследчыкаў, якія працуюць у архівах Беларусі ды замежжа і выяўляюць новыя факты пра гэты сацыяльна актыўны слой беларускага грамадства ў 19-м стагоддзі.
Кнігу Сяргея Токця „Мясцовая шляхта і дзяржаўная адміністрацыя Расійскай імперыі Гродзенскай губерні: лаяльнасць і супраціў” можна набыць у выдавецтве „ЮрсаПрынт”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня