Сяргей Законнікаў: Бяздарнаму ніякая дзяржава не дапаможа



Вядомы беларускі паэт Сяргей Законнікаў разважае пра тое, якім чынам трэба падымаць прэстыж пісьменніцкай працы.

zakonnikau_logo-800x533

Фота novychas.by

Прэстыж пісьменніцкай працы ў Беларусі трэба падымаць, заявіў не так даўно на з’ездзе праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі яго старшыня Мікалай Чаргінец.

«Некаторыя дагаварыліся да таго, што пісьменнік — не прафесія, а пісьменніцтва — хобі, занятак ад няма чаго рабіць», – дадаў Чаргінец.

Сяргей Законнікаў: Што праўладныя пісьменнікі хацелі, яны і так усё маюць. Дзяржава ўтрымлівае тую касту, што ўзначальвае Чаргінец, а шэраговыя пісьменнікі, як не мелі доступу да выданняў, друкавацца, так і не маюць. Увогуле, не бачу вялікай праблемы. Хаця я ведаю вопыт многіх краін і, напрыклад, у Францыі, Германіі, краінах Прыбалтыкі ёсць своеасаблівая форма падтрымкі пісьменнікаў. Ім даюць магчымасць працаваць за кошт таго, што Міністэрства культуры альбо муніцыпалітэт даюць стыпендыю для пісьменніка, які выконвае нейкую літаратурную працу. Але не ведаю, каб у нас такое адбывалася.

РР: Чаргінец занепакоены, што трэба падымаць прэстыж пісьменніцкай працы ў Беларусі…

Сяргей Законнікаў: Прэстыж кожны пісьменнік падымае сам, сваім талентам. І, калі чалавек бяздарнны, то ніякая дзяржава яму не дапаможа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя