Сяргею Астраўцу – 60



Сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага ПЭН-Цэнтра Сяргею Астраўцу з Гародні 11 красавіка спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння.

Пасля заканчэння журфака БДУ Сяргей Астравец восем гадоў працаваў у абласной газеце, потым рэдагаваў тыднёвік “Пагоня”, быў карэспандэнтам газет “Свабода”, “Навіны”, “Наша Свабода”. Пад яго рэдакцыяй выйшлі з друку некалькі нумароў штогодніка “Новы замак” Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сяргей Астравец вельмі арыгінальны і цікавы празаік. З-пад яго пяра пабачылі свет кнігі прозы “Янычары”, “Цэнзарскія нажніцы”, “Кактэйль Молатава”, “Райскія яблычкі”, “Каты Ёзафа Ратцынгера”, “Саргасава мора” і іншыя. Выдадзеная ў Беластоку кніга “Цэнзарскія нажніцы” была адзначана прэміяй “Гліняны Вялес”. А ў 2010 годзе пісьменнік і журналіст атрымаў месячную стыпендыю для творчай працы ў Швецыі.

Шчыра віншуем Сяргея Астраўца з юбілеем і жадаем яму моцнага здароўя, творчага натхнення і новых літаратурных адкрыццяў!

Беларускае Радыё Рацыя