Сярод 800 рэпрэсаваных у Комі літаратараў ёсць і беларусы
У Сыктыўкары, сталіцы Рэспублікі Комі (Расея), рыхтуюцца да выдання сем тамоў рэпрэсаваных пісьменнікаў з былога Савецкаа Саюза. Кніга будзе называцца “Рэпрэсаваныя літаратары ў Комі АССР”. Над кнігай працуе мясцовы краязнавец Анатоль Папоў.
На пытанне, чаму спадар Папоў захапіўся менавіта гэтай тэмай, ён адказаў так: “Я пражыў у Варкуце 40 гадоў, дзе працаваў над тэмай “Гісторыя Варкуты часоў ГУЛАГу”. Цяпер у маім спісе каля 800 рэпрэсаваных літаратараў. А гэта – празаікі, паэты, крытыкі, журналісты і аўтары ўспамінаў. Праца завяршаецца і будзе выдавацца асобнымі тамамі. У выданнях будзе біяграфія тых літаратараў, якія прайшлі ГУЛАГ і адбывалі сталінскія лагеры ў Рэспубліцы Комі, фотаздымкі іх і бібліяграфіі. Сярод рэпрэсаваных творчых людзей ёсць і шмат беларусаў. Сярод якіх – Ларыса Геніюш, Васіль Супрун, Янка Бабровіч, Яўхім Кіпель, Ганна Лібман, Георгій Савініч, Віталь Сербента і многія іншыя”.
Першыя тамы кнігі “Рэпрэсаваныя літаратары ў Комі АССР” ужо сёлета выйдуць з друку.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя