Сярод пісьменнікаў зноў не знайшлося вартых Дзяржаўнай прэміі
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ „Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2016 года”, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
У галіне навукі і тэхнікі прэмія прысуджана за распрацоўку і ўкараненне тэхналогій трансплантацыі органаў у дзяцей і дарослых супрацоўнікам 9-й гарадской клінічнай бальніцы і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра „Кардыялогія” Алегу Румо, Юрыю Астроўскаму, Аляксандру Дзядзько, Алегу Калачыку, Аляксею Шчэрбу, Андрэю Валенцюкевічу.
За распрацоўку і арганізацыю прамысловай вытворчасці экспартна арыентаваных мікраэлектронных вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння на аснове стварэння сучасных метадаў праектавання, паўправадніковых тэхналогій і высокадакладнага аналітычнага і зборачнага абсталявання прэміі ўдастоены супрацоўнікі ААТ „Інтэграл” Віталь Саладуха, Сяргей Чыжык і Сяргей Шведаў, ААТ „Планар” — Валерый Зайцаў і Генадзь Кавальчук, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — Сяргей Грабчыкаў.
У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана калектыву супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў асобе Аксаны Волкавай, Анастасіі Масквіной, Станіслава Трыфанава, Сяргея Франкоўскага, Ніны Ламановіч, Аляксандра Касцючэнкі за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцяў і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага „Сівая легенда” паводле твора Уладзіміра Караткевіча.
За значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета „Мефіста”, мюзіклаў „Шклянка вады”, „Джулія”, „Соф`я Гальшанская”, „Байкер” прэміі таксама ўдастоены кампазітар Уладзімір Кандрусевіч.
„Названыя працы з`яўляюцца адлюстраваннем найважнейшых і найлепшых дасягненняў нашай краіны ў сферах навукі і тэхнікі, мастацтва і культуры. Яны прызнаныя беларускай і міжнароднай грамадскасцю, характарызуюцца навізной, эканамічнай эфектыўнасцю або сацыяльнай значнасцю”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-служба прэзідэнта.
belapan.by