Сяржук Доўгушаў рыхтуе новы спеўнік — гэтым разам дзіцячы



Вяртанне беларускай памяці даўжынёй у 100 гадоў. У 1920 годзе фалькларыст і педагог Антон Грыневіч выдаў у Вільні «Беларускі дзіцячы спеўнік», матэрыялы для якога збіраў асабіста ў розных рэгіёнах Беларусі. Арыгіналы таго выдання захаваліся выключна ў архівах. Праз 100 год, этнограф і музыка Сяржук Доўгушаў паставіў сабе задачу надрукаваць 1 тысячу асобнікаў «Беларускага дзіцячага спеўніка» і шырока распаўсюдзіць іх па свеце сярод беларусаў. Распавядае Сяржук Доўгушаў:

— Гэта будзе ўжо шосты. То бок, у нас выходзіла пяць, апошні выходзілі бяседныя песні, і вельмі так яскрава прайшлі прэзентацыі ў Варшаве, Познані, Беластоку — самым цэнтры. Мы і танцавалі, і спявалі, і застолле ладзілі. А цяпер я проста сядзеў і думаў, што я хачу далей рабіць, і гэта наступны спеўнік — дзіцячы. Я вельмі ўразіўся гісторыяй аўтара гэтага спеўніка — гэта наш фалькларыст, педагог, беларускі культурніцкі дзеяч Антон Грыневіч. Спеўнік выходзіў вельмі малым накладам за грошы самога аўтара, у 1920-м годзе, у Вільні. І знайсці яго немажліва нідзе, толькі ў архівах. Мне захацелася гэта пашырыць і сапраўды тэма дзіцячая, будзе збірацца грамада дзяцей і спяваць беларускія песні.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

Важна дадаць, што сам аўтар «Беларускага дзіцячага спеўніка» – фалькларыст і педагог Антон Грыневіч – стаўся і аўтарам першага беларускага падручніка па музыцы «Навука спеву» (1923). Антон Грыневіч быў арыштаваны ў 1933 годзе па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і асуджаны на 10 гадоў лагераў.

У 1937 годзе — прыгавораны да расстрэлу. Ягоныя зборы запісаў беларускага фальклору захоўваюцца ў архівах Беларусі і Вільні.

Беларускае Радыё Рацыя