Сяржук Доўгушаў: У Беларусі ўсё вельмі сумна
Як зараз выглядае сітуацыя з творчай сферай у Беларусі? Ці дазваляюць канцэрты і ці ўвогуле іх можна зладзіць? Ці ёсць настрой на творчасць? Што дазваляе не спыняцца і ісці наперад? Адказамі на такія пытанні падзяліўся наш сённяшні Госць Рацыі, лідар гурта Vuraj і арганізатар „Спеўных сходаў” Сяржук Доўгушаў у гутарцы з Алісай Поль.
РР: Як бы вы ахарактарызавалі зараз сітуацыю ў культурніцкай сферы Беларусі? Якія ёсць магчымасці да выступаў, а таксама якія настроі пануюць у мызыкаў і ўвогуле ў творцаў?
Сяржук Доўгушаў: У Беларусі ўсё вельмі сумна. З аднаго боку – мала магчымасцяў для стварэння чагосьці новага: арганізацыі канцэртаў, нейкіх выступаў і г.д. Хтосьці ўсё ж можа гэта рабіць у такіх умовах, што зараз адбываецца ў Беларусі, але з большага вялікая колькасць людзей-творцаў з’ехала з Беларусі альбо ў такім стане, што ім не да творчасці.
Але тым часам усё адно штосьці выходзіць. Выходзяць кнігі, выданні, магчыма, ладзяцца выставы, але я бачу, што з тымі ж фестывалямі, канцэртамі і выступамі гуртоў, музычнымі канцэртамі, то з гэтым, канешне, вельмі ўсё складана. Усё забараняецца, усё ў нейкіх спісах забароненых і г.д.
РР: Распавядзіце, калі ласка, пра гэтую цэнзуру. Ці магчыма зараз арганізаваць у Беларусі хоць нейкі канцэрт? На колькі асобаў дазволена, што менавіта патрэбна спяваць, каб яно прайшло?
Сяржук Доўгушаў: Агулам тыя людзі, якія не засвяціліся ці зусім не паказвалі сваю актыўнасць у 2020 годзе, канешне, яны яшчэ могуць штосьці там арганізаваць. А на астатніх ідзе паляванне, і нейкая магчымасць штосьці арганізаваць адразу прыпыняецца, адразу нейкая забарона. Могуць, канешне, тлумачыць, што гэта ў сувязі з каронавірусам. Але гэта такая помста за актыўную пазіцыю творчых людзей. І калі штосьці зрабіць, там трэба прайсці вельмі шмат усяго. Шчыра кажучы, і раней было не так усё проста, атрымаць гастрольнае пасведчанне, а зараз увогуле. Я назіраю і за сітуацыяй з каронавірусам, яна таксама вельмі складаная. З усіх бакоў зачыненыя межы – нейкія дазволы, забароны і, канешне, каронавірус. Усё перашкаджае.
РР: Ці можна сказаць, што беларуская культура эмігравала? Калі так, то якія кропкі па-за межамі Беларусі створаныя?
Сяржук Доўгушаў: Большая частка беларускай культуры пайшла ў падполле. Калі людзі знаходзяцца ў Беларусі і штосьці пішуць ці робяць, то гэта не асабліва бачна. А другая частка творцаў, музыкаў эмігравала. Вельмі такая моцная суполка ствараецца ў Варшаве. Напрыклад, там ёсць і хор, і аркестр, і акторы. Там праходзяць розныя мерапрыемствы, фестывалі і канцэрты. І яшчэ ва Украіне і Літве. Гэта такія блізкія краіны, дзе знаходзяцца і вядомыя музыкі, і вядомыя творцы, якія там працягваюць сваю дзейнасць таксама на карысць Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя