Сяржук Доўгушаў у Мінесоце ладзіў Каляды і гатаваў клёцкі
Беларусы Мінесоты распачалі праект «ГосьЦі», куды запрашаюць вядомых беларусаў, каб у жартаўлівай атмасферы паразмаўляць пра важнае. Першы выпуск — з Сержуком Доўгушавым.
У госці да беларусаў Мінесоты завітаў этна-музыка, беларускі папулярызатар фальклору, спявак, стваральнік ініцыятывы «Спеўны сход», кіраўнік «Дома Творцаў», Tradycyja і сапраўдны чалавек-аркестр (у выключна станоўчым сэнсе! бо ўмее граць хіба што не на ўсіх інструментах).
Пагутарылі пра беларускі цуд — салідарнасць. Пра беларускую культуру ў выгнанні і пра тое, што можна рабіць проста цяпер, каб кожны чалавек насіў сваю Беларусь з сабой.
Разам з Сержуком беларусы Мінесоты зладзілі Каляды, гатавалі беларускія стравы, парыліся ў лазні.
* * *
+ Бонус: рэцэпт клёцак з душамі:
2 кг. бульбы, 4 ст. лыжкі мукі, 200 г. свініны, 200 г. ялавічыны, 100 г. вэнджанага сала, 1 цыбуліна, смятана, соль, перац, кмен, кроп, лаўровы ліст.
Пачышчаную бульбу і цыбуліну надраць на тарцы, добра адціснуць праз марлю, дадаць крухмал які застаўся ад бульбянога соку, дадаць муку, соль, перамяшаць.
Традыцыйна фарш гатуецца са свініны, але мы дадалі яшчэ ялавічыну і вэнджанага сала. Для фаршу мяса прапусціць праз мясарубку або камбайн, дадаць соль, перац, кмен, перамяшаць.
З бульбяной масы сфармаваць невялікія шарыкі, кожны размяць у пляскаты кружок, на сярэдзіну пакласці фарш, зноў скачаць у шарык.
Чыгунок напалову заліць вадой. Пасля таго як вада закіпела, клёцкі пакласці ў чыгунок, варыць 20 хвілін.
Падаваць са смятанай і кропам.
Смачна есці!