Сяржук Доўгушаў збірае гарадзенцаў на „Спеўны сход”
Творчая сустрэча музыкі Сержука Доўгушава пройдзе 18-га кастрычніка а 19-ай гадзіне ў гарадзенскай этнакраме „Цудоўня”. Музыка з’яўляецца кіраўніком менскага гурта „Vuraj„, а таксама даследчыкам народных спеваў. Апошні раз ён быў у Гародні летась, на курсах „Мова нанова”.
Што прывязе гэтым разам Сяржук, кажа ўласнік этнакрамы „Цудоўня” Андрэй Несцяровіч:
– Шмат у каго ёсць уражанне, што народныя спевы – гэта нешта архаічнае, тое, што адышло ў мінулае. Гэта базуецца звычайна на тым, што людзі, у прынцыпе, не чулі, як гэта гучыць ужывую, як гэта гучыць маладымі галасамі, моцнымі, граматна пастаўленымі, распетымі, які гэта космас. І Сяржук Доўгушаў – гэта адзін з тых людзей, які здольны адрадзіць спеўную традыцыю менавіта тым, што гэта харызматычны чалавек, які ўмее спяваць, умее граць. Ён мультыінструменталіст, сам па сабе вельмі цікавы чалавек, этнаграфічны даследчык.
Сяржук Доўгушаў аднаўляе манеру народных спеваў, між іншым і мужчынскіх, што, на думку Андрэя Несцяровіча, можа ўцягнуць да ўласнага ўдзелу ў „Спеўным сходзе” шмат каго з жыхароў Гародні. Дарэчы, гэтая ініцыятыва „Спеўных сходаў” вельмі паспяхова прыжылася ў Менску. А 19-га кастрычніка ўпершыню пройдзе ў Гародні. Кажа Андрэй Несцяровіч:
– Можна будзе і самім паспяваць. На гэтым «Спеўным сходзе» тэмай будзе гарадскі раманс ХІХ-ХХ стст. Можна будзе прачуць космас гэтага супольнага спеву. І гэта пачатак праекта «Спеўнага сходу». Гэта не разавая імпрэза, а менавіта цыкл сустрэч. Гэта будуць заняткі фактычна раз на месяц, а весці іх буду я. Сяржук Доўгушаў – гэта заснавальнік, адзіны ў Беларусі, хто распачаў такую тэму.
Арганізатары „Спеўнага сходу” абяцаюць, што жанры спеваў будуць розныя, як і стылі, тэхнікі, таму магчымасць паспрабаваць сябе як частку народнага хору будзе ў кожнага. Сустрэча «Спеўнага сходу» пройдзе 19-га кастрычніка а 19-ай гадзіне ў этнакраме „Цудоўня”. Уваход да ўдзелу платны – 7 рублёў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара