Сяржук Сокалаў-Воюш: Леанід Барткевіч не быў „чырвона-зялёным”



Мінуў месяц, як пайшоў у іншасвет Леанід Барткевіч.

Пра тое, як у рэпертуары саліста легендарных “Песняроў” з’явілася песня “Аксамітны вечар”, распавядае аўтар яе словаў, паэт Сяржук Сокалаў-Воюш:

– Песня трапіла сюды ў Штаты, і тут яе заспяваў Данчык. Ад Данчыка яе дастаў Барткевіч. Леанід Барткевіч, які вось нядаўна якраз памёр. І светлая памяць яму. Я магу зрабіць маленькую такую рэмарку. Там яго хавалі пад чырвона-зялёным сцягам. Але ён не быў “чырвона-зялёным”. Я яго памятаю пад бел-чырвона-белым сцягам. Не так даўно ён прадаваў сваю хату. І здымкі былі хаты з сярэдзіны, дзе ягоны ложак засланы бел-чырвона-белай коўдрай, гэта пра нешта гаворыць.   

Мелодыю да будучай песні “Аксамітны вечар” у сярэдзіне 1980-х стварыў наваполацкі музыка Вадзім Навіцкі і прапанаваў Сержуку Сокалаву-Воюшу напісаць на яе тэкст. З таго часу песня і гучыць у рэпертуары самых розных выканаўцаў.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя