Сяржук Сокалаў-Воюш: Рэпрэсіі супраць нашага народа працягваюцца стагоддзямі…



Сяржук Сокалаў-Воюш – беларускі паэт, бард, перакладчык. Родам з Полаччыны. Скончыў Белдзяржуніверсітэт. З 1991 года жыве ў ЗША.

Спадар Сяржук пагадзіўся адказаць сёння на некалькі пытанняў Беларускаму Рыдыё Рацыі.

– Спадар Сяржук, у Вас, як творчага чалавека, які шмат гадоў займаецца літаратурай, піша пра Беларусь, думае па-беларуску, хочацца запытацца, чаму ўсё гэта, што адбываецца сёння ў нас, сярод сваіх людзей, навалілася на Беларусь? Калі я пра гэта думаю, мне заўсёды прыгадваецца назва Вашага першага зборніка “Кроў на сумётах”. Як быццам Вы прадбачылі гэту кроў…

– А назва маёй другой кніжкі “Крывавы памол”. Я не магу сказаць, што я нешта прадбачыў… За некалькі хвілінаў да смерці Янка Купала, пакідаючы гатэльны нумар Міхася Лынькова, стукнуў кулаком па стале. Пра гэта мне ў свой час распавёў наш знаны літаратуразнаўца й крытык Георгій Колас. Распавёў не проста так. Распавёў, каб запытацца, адкуль я дазнаўся пра гэты апошні жэст Купалы і, пабачыўшы мой недаўменны позірк, растлумачыў:

“Усё жыццё ў адзін кулак Звяло апошняе імгненне: Радзіма, песня, “Маладняк” І цені, цені…”.

“Звяло…” – не надта ўдала адказаў я на працытаваны ўрывак з майго верша на смерць Купалы. Гэткія дзівосы здараюцца ў жыцці кожнага чалавека, а ў жыцці чалавека творчага – дык і пагатоў. Вось жа напісаліся ў мяне ў 1991 годзе радкі:

“Хоць і далёка краіне маёй да відна –

Вусны раскутыя шэпчуць: “Жыве Беларусь!”.

Хто тады рэальна думаў, што, не гледзячы на магутны адраджэнскі рух, краіну чакаў сапраўды доўгі й пакутны шлях да лепшага “да відна”, які яшчэ й цяпер, як мы бачым, зусім не пройдзены. Таму, сёння на Беларусь нічога не навалілася. Хутчэй яно ніколі не звальвалася. Бо хто можа сёння сказаць, калі астатнім разам нашая беларуская доля была шчаслівай, сонечнай і радаснай? Калі? Можа таму і стараемся мы чарэпаць сілы ў дзеях славутых продкаў. Стараемся, бо самі можам няшмат. І, каб змяніць сітуацыю на сваю карысць, мала скінуць дыктатара, мала правесці сумленныя выбары, мала пакараць злачынцаў. Усё гэта толькі першы крок. Неабходны, сур’ёзны, але першы. Першы на мяжы пустастрэлу, бо, зроблены адарвана ад мовы, гісторыі, культуры, разумення таго, хто твой унутраны й знешні вораг, а хто сябра. Без адраджэння даўна знойдзеных і даўна згубленых нацыянальных амерык – нічога не будзе. Да разумення патрэбы ў названых рэчах многія з нас дайшлі, але вой як не многія пачалі нешта мяняць. Перад усім у сабе…

– 1985 годзе Вы былі звольнены за арганізацыю Купалля на тэрыторыі музея Якуба Коласа. Ужо 35 гадоў з невялікімі перапынкамі ў нас працягваюцца рэпрэсіі і звальненні. Дык калі ўжо гэта скончыцца?

– Да гэтага звальнення варта дадаць звальненне з радыё “Свабода” і пару звальненняў са школы, дзе я наіўна стараўся нешта змяніць, апавядаючы вучням пра тое, пра што савецкая адукацыя маўчала. Я не выпадкова ўжыў слова наіўна. Ужыў таму, што вялікіх вынікаў той сваёй працы не бачу. Вучні слухалі, начальству не здавалі, некаторыя стараліся размаўляць са мной па-беларуску, некаторыя размаўлялі. Некаторыя, вызваленыя ад вывучэння мовы, пачыналі яе вучыць. Але асабліва ганарыцца тут няма чым. Гэта не дасягненні, а ўдалыя спробы вяртання чалавека да самога сябе, імкненні, як кажуць, давесці яго да памяці, дапамагчы апрытомніць… Потым нехта, усё ж, здаваў. І мяне выганялі. Колькі разоў? Дзесьці 2-3 – не памятаю і не хачу, бо не атрымалася. Сёлета мне прыйшоў ліст ад маёй вучаніцы. Ёй ужо пад 50. Яна не беларуска і беларускую мову не вывучала, хаця на ўрокі мовы да мяне хадзіла. Яна напісала па-расейску. Напісала пра маю з сябрамі галадоўку (назваўшы яе страйкам) на плошчы ў Наваполацку ў 1990-ым, і адразу пра сённяшнюю барацьбу. Напісала эмацыйна й таму крыху бязладна (цытую бяз зменаў): “я помню, как вы на площади бастовали, мы отбивали мужчин….мы женщины… на площади рада вас видеть… любовь к белорусской мове вы нам привили!!!!! я была в этой битве возле кинотеатра Минска. Разве можно это простить … и мы столько лет… спали…. помогли в фейсбуке вас найти, нафтан наш в стачку уходит… не все…бояться… столько вылезло г….наружу”. У часе той галадоўкі яна з братам прыходзіла нас падтрымаць, прыходзілі іншыя вучні. Яны сёння выпраўляюць нашы ўчорашнія памылкі. Але ім таксама ўжо вакол 50-ці. Духоўна гэтыя людзі мне, як радня, але колькі я не паспеў ім аддаць і даць. Яны, вядома, будуць стаяць за пададзеныя мной вышэй каштоўнасці. Не для сябе, дык для нашчадкаў. Але колькі нас такіх з 10-12 мільёнаў у цэлым свеце… А рэпрэсіі супраць нашага народа працягваюцца стагоддзямі і працягвацца яны будуць датуль, пакуль народ не стане зноў народам і не дасць на іх сіметрычнага адказу.

– Ці хочацца дамоў, на Полаччыну, у родную Беларусь?

– І на Полаччыну, і на Лепельшчыну (адкуль продкі)… Зрэшты, слова хочацца лішняе там, дзе ёсць сталая патрэба…

– Чаго і што не паспеў зрабіць, не змог, не хапіла сіл, перашкодзіла палітычная сітуацыя і г.д. за гэтыя пражытыя гады?

– Нічога не паспеў. Планы былі вялікія. Ад рэальных да самых фантастычных.

– Чаму?

– Не хапіла разумення жыцця для сябе. Не навучыўся падладжвацца, выкручвацца, дагаджаць. Ваюючы за іншых, не навучыўся ваяваць за сябе. Некаму можа падацца, што тут я румзаю ў камзэльку і хачу, каб мяне пашкадавалі. А ні не. На гэткія сантыменты часу застаецца менш і менш, а тэмаў для творчасці набіраецца больш і больш. Дзякуй Богу сям’я дае магчымасць не выпускаць з рук ні гітары, ні асадкі. Усё гэта жонка Ганна і сыны Светавіт са Славамірам. Апрача гэтага, ёсць пара праектаў для рэалізацыі дома. Але там, пакуль, іхнае ажыццяўленне немагчымае з палітычных прычынаў.

– Беларусь добра і заўсёды памятае Сяржука Сокалава-Воюша. Гучаць Вашы песні, вершы ўключаны ў школьныя падручнікі і ў дадатковыя выданні, спяваюцца Вашы словы пад паланэз Агінскага “Развітанне з Радзімай”… Калі ж мы патрымаем у руках Вашу новую кнігу твораў?

– Думаю, што ніколі. Яшчэ ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя, выязджаючы ў ЗША, здаў у выдавецтва рукапісы чатырох зборнікаў вершаў… Падазраю, што там іх паспяхова згубілі. Маю шмат напісанага пасля таго. Вершы, песні, проза (казкі, эсэ, апавяданні, замалёўкі, аповесці), п’есы, пераклады. Маю рукапіс “Слоўніка рымаў” прыблізна на 600 старонак (праца не будзе скончаная ніколі, бо слоў у нашай мове шмат больш чым я магу ахапіць). “Касінеры. Біяграфічны даведнік” (кампіляцыйныя біяграфічныя зборы на больш як 10 тысячаў удзельнікаў паўстання Каліноўскага – застаецца пара тысячаў неапрацаваных біяграмаў… праца таксама не будзе скончаная ніколі). Маю рукапісны “Тэрміналагічны слоўнік Асманскай імперыі, Крымскага ханства, Малдовы, Трансільваніі і Валохіі” (больш за 500 старонак)… Але… У нашай літаратуры ёсць маладыя таленты. Іх няшмат. Ім трэба дапамагаць і пры магчымасці саступаць дарогу… Я хачу, каб іхныя творы ішлі ў свет шырэй. Таму маё пачакае… Ну, а каб ужо сапраўды не выпадаць з культурнага працэсу, я здаю сёе-тое ў альманах “Беларус” які выходзіць у ЗША, часам выстаўляю нешта на сваёй ютуб старонцы, даю свае песні й пераклады спевакам, якія, у адрозненне ад мяне, умеюць граць і спяваць. Сёлета да ўсяго гэтага багацця дадаліся творчыя сустрэчы ў Зуме, якія мы ладзім разам са спявачкай і бардам Таццянай Грыневіч, спадарыняй Зумовіч і кім-небудзь з запрошаных творчых супольнікаў. Пазней гэта ўсё выстаўляецца і на ютубе. Хочаце бліжэйшых жывых кантактаў – далучайцеся! Жыве Беларусь!

Беларускае Радыё Рацыя