Сяржук Тоўсцікаў: Мы культурны дадатак



Ці расце зацікаўленасць сярод дзяцей і іх бацькоў беларускай мова і агулам беларускамоўнай адукацыяй у Вільні? Якія новыя кірункі дзейнасці з’явіліся ў Тэатральна-фальклорнай студыі для беларускіх дзетак «Ў нескладанае»?

На такія ды іншыя пытанні шукаў адказы наш сённяшні Госць Рацыі, адзін з заснавальнікаў пляцоўкі Сяржук Тоўсцікаў:

РР: Якія кірункі дзейнасці для вас у Вільні застаюцца прыярытэтнымі і чаму?

— Як можна зразумець, вектар застаўся такім жа, як і быў. Мы працягваем працу з нашай тэатральнай-фальклорнай студыі, з нашай школкай „Ў нескладанае“. Можна сказаць, што невялічкае дэжа-вю з мінулым годам, толькі крышачку па-іншаму, бо дзеткі ўжо падзяляюцца на тых, хто засталіся з мінулага году, трэці семестр, што другі год навучаюцца. З імі ідзем на іншай ступені, мы ўжо даробліваем спектакль. Дзякую Богу, беларусам, што нас успрымаюць даволі сур’ёзна, і мы не чакалі, што будзе так шмат новых дзетак, і яшчэ да нас тэлефануюць, нам пішуць у інстаграм, тэлеграм. Яшчэ ідзе дабор. Мы ўдзячныя, нас ужо дваццаць чалавек, хтось прыглядаецца, хтось пабыў у адной студыі, потым да нас прыйшоў, і так шукаюць месца, дзе ім больш спадабаецца. Наш кантэнт не мяняецца, у нас беларускае для беларусаў па-беларуску. Але цікава, што ёсць дзеткі, што не разумеюць беларускую мову, але як яны кажуць сваім бацькам, што ім проста цікава. Гэта таксама вельмі добра.

РР: У сувязі з новай хваляй эміграцыі, ці стала больш такіх сямей, што зацікаўленыя ў беларускамоўным баўленні часу, ці ў беларускамоўнай адукацыі дзяцей?

— Вядома, мы не можам быць школай, для гэтага ёсць гімназія Францыска Скарыны, дзе вывучаюць беларускую, ангельскую, літоўскую мовы. А мы культурны дадатак. У мяне, як бы гэта не было шкада, не было часу пацікавіцца ў сваіх бацькоў, калі яны прыбылі сюды ў Вільню ці пад Вільню. Я ведаю, што трое-чацвёра толькі-толькі прыехалі, таму яны пакуль спрабуюць зразумець, дзе ім навучацца, якія месцы найлепшымі будуць для іх дзетак, як ім прыстасавацца. Яны на кожнай рознай ступені досведу, а мы проста дапамагаем ім у гэтай справе, калі што можам падказаць. Бо я ўжо два гады, як у Вільні, мае калегі ўжо тры — мы, можна сказаць, экскурсаводы па Вільні, можам расказаць куды, што, як. У гэтым плане можам быць карыснымі для бацькоў і дзетак.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле


У межах тэатральна-фальклорнай студыі працуюць зараз 2 групы – малодшая група (узростам ад 5 да 9 гадоў) і старэйшая (ад 10 да 14 гадоў).

Заняткі складаюцца з такіх частак як тэатральнае майстэрства (майстэрства і пластыка, сцэнічная мова) і фальклорна-выканаўчыя практыкі (народныя танцы, вывучэнне музычных інструментаў).

Беларускае Радыё Рацыя