Сын слуцкага паўстанца
5 красавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага рэлігійнага дзеяча, публіцыста і выдаўца на эміграцыі Барыса Данілюка (1923-2011).
Жывучы ў ЗША Барыс Данілюк да апошніх дзён свайго жыцця прымаў самы актыўны ўдзел у жыцці беларускай дыяспары ў гэтай вялікай краіне. Спачатку ўзначальваў беларускі студэнцкі рух, пасля беларускі хор у Нью-Ёрку, выдаваў газеты “Царкоўны Пасланец” і “Навіны з роднае Сьвятыні”, з’яўляўся сакратаром кансасторыя Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў ЗША.
Нарадзіўся Барыс Данілюк 1923 года ў вёсцы Старыя Дзевяткавічы на Слонімшчыне, дзе яго бацька ў той час быў святаром. Дзіцячыя і пачатак юнацкіх гадоў прайшлі ў Наваельні Наваградскага павета і ў Парэччы Слонімскага павета, куды духоўныя ўлады перакідалі яго бацьку і дзе Барыс наведваў пачаткавыя польскія школы.
Наведваючы вясковыя школы, ён шчыра сябраваў з сялянскімі дзецьмі і часта бываў у хатах сваіх сяброў, ды гэтак і знаёміўся з нялёгкім сялянскім жыццём. Пачынаючы з восені 1933 года, ён вучыўся ў пачатковай школе ў Слоніме, а з восені 1935-га да канца 1939 года — у польскіх гімназіях у Слоніме і ў Баранавічах.
Напачатку восені 1941 года Барыс Данілюк уладкаваўся на працу сакратаром у школьны інспектарат у Слоніме, а ўзімку 1942-га перайшоў на пасаду сакратара ў Беларускую Самапомач. Акрамя гэтага спяваў у хоры Антона Валынчыка, быў танцорам у танцавальным гуртку, а таксама ўдзельнічаў у драматычным гуртку, які існаваў пры Слонімскім Народным доме.
Сям’я Данілюкоў пакінула Беларусь у ліпені 1944 года, праз некалькі дзён пасля таго, як Данілюк-малодшы вярнуўся з Другога Усебеларускага Кангрэса з Менска. Апісаць цяжкае падарожжа ў чужы край і жахлівае жыццё там, як казаў сам спадар Данілюк, было проста немагчыма. Спачатку яны жылі ў францускай акупацыйнай зоне Германіі, дзе іх французы некалькі разоў перавозілі ў розныя месцы, пакуль урэшце рэшт не пасялілі каля вялікай папяровай фабрыкі.
Пражылі Данілюкі там шэсць гадоў і летам 1950 года эмігрыравалі ў Амерыку. Спыніліся ў Нью-Ёрку, дзе яго бацьку давялося пайсці працаваць рабочым на запалкавую фабрыку. Разам з гэтым ён пачынае арганізоўваць першыя ў Амерыцы парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. А калі быў куплены беларусамі Катэдральны Сабор Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне і ў Нью-Ёрк прыехаў япіскап Васіль — усе справы бацька Барыса Данілюка перадаў яму. А летам 1960 года бацькі не стала. Дарэчы, падчас Слуцкага паўстання, бацька Барыса Хведар Данілюк, прымаў самы актыўны ўдзел.
Калі бацька ў Германіі працаваў на фабрыцы, Барыс ездзіў вучыцца на інжынера-будаўніка ў Мюнхенскі ўніверсітэт. Адначасова зарабляў маркі ад продажу кавы і адзення, якія атрымліваў ад дабрачынных арганізацый. Прадаваў іх яўрэем-уцекачам у Мюнхене. Яго жонка Марыя таксама ўладкавалася на працу ў адну францускую ўстанову. Тады Барыс пачаў займацца і беларускімі справамі. У Беларускім Студэнцкім Згуртаванні ў Мюнхене быў сябрам рэдакцыйнай калегіі, якая выдала некалькі нумароў часопісу „Крывіцкі Сьветач”, прымаў удзел у іншых беларускіх культурна-масавых мерапрыемствах. А вясною 1948-га года ён быў прыняты ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Але доўга працягваць навуку яму не ўдалося, бо не было грошай. Таму далей Барыс займаўся самаадукацыяй: шмат чытаў кніг, газет, часопісаў, праяўляў актыўнасць у беларускай дзейнасці, ды дапамагаў бацьку ў царкоўных справах. А калі прыехаў у Амерыку — давялося працаваць на самых розных работах, а пасля знайшоў працу чарцёжніка ў фірме, якая праектавала дарогі, дзе і адпрацаваў ён 25 гадоў, пакуль не пайшоў на дзяржаўную пенсію. А потым да апошніх сваіх дзён жыцця ў ЗША Барыс Данілюк займаўся рознымі беларускімі і рэлігійнымі справамі. З’яўляўся сябрам газеты “Беларус”. Быў скарбнікам і старшынёй Беларуска-Амерыканскага рэспубліканскага клубу ў штаце Нью-Ёрк і г.д.
Барыс Данілюк пахаваны ў Іст-Брансўіку (ЗША) на могілках парафіі Жыровіцкай Божай Маці. Пасля смерці ў Менску ў 2012 годзе асобнай кнігай выйшлі ўспаміны Барыса Данілюка “Азіраючыся расой выетымі вачыма”.
Беларускае Радыё Рацыя