Сынковіцкая царква на паштоўках
Славутая Сынковіцкая крэпасць-царква Святога Арханёла Міхаіла, якая знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне, стаіць у далечыні ад буйных гарадоў.
Царква – адзіны з існуючых помнікаў, які захаваў сваю аўтэнтычнасць, цнатлівасць, што і дазволіла яму стаць помнікам архітэктуры сусветнага значэння. У розныя часы помнік вывучалі даследчыкі архітэктуры А. Шышка-Богуш, Я.Міхайлоўскі, М. Сакалоўскі, Г. Вераб’ёў, Ю. Зубрыцкі, I. Ядкоўскі, М. Шчакаціхін і іншыя. Цікавыя замалёўкі храма зрабіў у другой палове XIX стагоддзі беларускі краязнаўца і мастак В. Гразноў.
Дакладны час збудавання Сынковіцкай Міхайлаўскай царквы невядомы, але агульная гатычная канструкцыя і скляпенне дазволілі даследчыкам найбольш верагодным часам лічыць XV— пачатак XVI стагоддзяў.
Сынковіцкую царкву ў мінулых стагоддзях і сёння не міналі і не мінаюць славутыя фатографы. Самы ранні фотаздымак царквы ў Сынковічах быў зроблены па ініцыятыве святара Яўстафія Міхайлоўскага ў 1881 годзе. Гэты фотаздымак ён накіраваў у Расейскае імператарскае археалагічнае таварыства.
Паштоўкі з выявамі Сынковіцкай царквы рабілі немцы падчас Першай сусветнай вайны, фатаграфаваў яе Ян Булгак ў 1930-х гадах. Былі нават выдадзены паштоўкі з фотаздымкамі Яна Булгака.
Малявалі царкву Напалеон Орда, Язэп Драздовіч і дзесяткі іншых мастакоў.
Пасля Другой сусветнай вайны пра царкву трохі забыліся, але яна актыўна дзейнічала, да яе прыходзілі маліцца вернікі з Сынковіч і суседніх вёсак Зэльвенскага і Слонімскага раёнаў. Падчас хрушчоўскіх ганенняў храм у 1959 годзе зачынілі. Да 1990 года яго выкарыстоўвалі пад калгасны склад.
Новая старонка ў гісторыі Сынковіцкага храма-царквы пачалася пасля 1990 года і працягваецца да сённяшніх дзён. Наладзілася і выдавецтва паштовак, прысвечаных храму ў Сынковічах. Найперш для турыстаў.
Першая пасля Другой сусветнай вайны паштоўка, прысвечаная Сынковічам, выйшла з друку ў Мадрыдзе (Іспанія). Аўтарка яе і выдавец сённяшні прэзідэнт БНР на эміграцыі Івонка Сурвіла. Паштоўка была выдадзена ў 1966 годзе. Перавыдалі яе ў Канадзе ў 2007 годзе.
У Германіі ў серыі “У пошуках слонімскіх скарбаў” у 2006 годзе з’явілася паштоўка, на якой адлюстраваны Сынковіцкі храм, Слонімскі Спаса-Прэабражэнскі сабор, Успенскі сабор у Жыровічах і леў каля палаца Пуслоўскіх у слонімскім мікрараёне Альбярцін.
У 2007 годзе, да 600-годдзя Сынковіцкага храма-царквы, выйшаў з друку набор паштовак, прысвечаны прыходу храма святога архангела Міхаіла. У наборы – 10 паштовак з ілюстрацыямі Сынковіцкай царквы. Да юбілею царквы ў Слонімскай друкарні выйшлі з друку таксама два віды Сынковіцкага храма.
Прыгожы набор паштовак, прысвечаны храму ў Сынковічах, быў выдадзены ў Слонімскай друкарні пад рэдакцыяй настаяцеля храма святара Арсеня Ананкі. Акрамя паштовак, у наборы змешчана невялікая мапа з абазначэннямі, як даехаць у Сынковічы, а таксама надрукаваны нумары тэлефонаў і электронны адрас царквы.
Фермер Міхаіл Макей з суседняй з Сынковічамі вёскі Казловічы, прафінансаваў і выпусціў у 2014 годзе паштоўку “Сынковічы”. На ёй адлюстраваны не толькі сам храм, але і ікона “Усецарыца”, стары здымак храма і званіца.
Зэльвенскі турыстычна-інфармацыйны цэнтр да аднаго з Ганненскіх кірмашоў, якія штогод адбываюцца ў Зэльве, выпусціў набор яркіх паштовак “Запрашаем да мястэчка Зэльва”, дзе ёсць і паштоўка з Сынковіцкім храмам.
Менская фірма “Рыфтур” у 2019 годзе парадавала беларусаў арыгінальнай паштоўкай з выявай царквы-крэпасці ў Сынковічах. Фотаздымак царквы зроблены з вышыні птушынага палёту. Фотаздымак зрабіў Сяргей Плыткевіч. Наклад паштоўкі 1000 асобнікаў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фотаздымкі з архіва аўтара