Сёлета Агінскаму спаўняецца 250 гадоў
Сёлета спаўняецца 250 гадоў са дня нараджэння Міхаіла Клеафаса Агінскага. Нашчадак знакамітага княжскага роду нарадзіўся ў Гузаве непадалёк Варшавы. Быў падскарбіем Вялікага Княства Літоўскага, дыпламатам, кампазітарам, музычным тэарэтыкам, браў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі.
У гонар юбілею Агінскага на 25 верасня запланаваны вялікі канцэрт у Вялікай канцэртнай залі Беларускай дзяржаўнай філармоніі пад назвай “Час Агінскага: таленты і геніі”.
Наш карэспандэнт Марцін Война гутарыў з дырыжорам Аляксеем Фраловым – адным з удзельнікаў будучага канцэрта.
РР: Як рыхтуюцца да юбілею Міхаіла Клеафаса Агінскага беларускія музыкі?
Аляксей Фралоў: Гэтая дата, 25 верасня, павінна прыгадацца ўсім, хто лічыць сябе культурным чалавекам. Хочацца, каб людзі адзначылі яе паходам у канцэртныя залі. У Менску музыку Міхаіла Клеафаса Агінскага можна будзе пачуць у Вялікай канцэртная залі Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гэта ці не галоўны канцэрт года!
РР: Якіх выканаўцаў мы зможам паслухаць у дзень 250-годдзя Агінскага?
Аляксей Фралоў: Праграма, без перабольшванняў, унікальная. Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі мае выступіць з выдатнымі салістамі. Гэта народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, саліст оперы, наш знакаміты барытон. Гэта лаўрэат міжнародных конкурсаў Таццяна Гаўрылава, сапрана. Гэта лаўрэат міжнародных конкурсаў, піяніст Юрый Бліноў.
РР: А што ў праграме?
Аляксей Фралоў: Там будзе цэлы шэраг прэм’ер, проста ўнікальных і сенсацыйных знаходак!
РР: Калі ласка, больш падрабязна. А ў чым сенсацыйнасць тых знаходак?
Аляксей Фралоў: Напрыклад, фрагменты з оперы Міхаіла Клеафаса Агінскага “Зэліс і Валькур, альбо Банапарт у Каіры”. Будуць прадстаўлены іншыя музычныя знаходкі, некаторыя з іх будуць выкананыя ўпершыню. Гэта, найперш, настаўнікі і “блізкае кола” Агінскага. Напрыклад – музыка Восіпа Казлоўскага, нашага беларускага класіка-рамантыка, настаўніка Міхаіла Клеафаса. І, вядома ж, дзядзькі Міхаіла Клеафаса, знакамітага “гетмана кларнэта”, як яго называлі, Міхаіла Казіміра Агінскага. Але сапраўднай сенсацыяй стане канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Ёзэфа Вёльфеля, які будзе выкананы ў Беларусі ўпершыню.
Ёзэф Вёльфель – венскі класік, незаслужана забыты савецкім музыказнаўствам; прынамсі, у знакамітую трыяду “Гайдн – Моцарт – Бетховен” ён не ўвайшоў. А дарма. У свой час ён быў вельмі жаданым госцем і венскіх арыстакратычных салонаў, і імператарскага двара.
Міхаіл Клеафас Агінскі запрасіў Вёльфеля, у ягога вучыўся, у свой маёнтак Залессе. Дык вось, у трэцяй частцы гэтага фартэпіяннага канцэрта слухачоў чакае сюрпрыз – паланэз. Такі вось уплыў Агінскага на венскую класіку… Карацей, цікавыя факты, сенсацыйныя знаходкі стануць сапрыўдным адкрыццем для слухачоў!
Нягледзячы на шматграннасць талентаў Міхаіла Клеафаса Агінскага, у гісторыю сусветнай культуры ён увайшоў найперш як кампазітар. Самы вядомы яго твор – паланэз “Развітанне з Радзімай” – напісаны ў маёнтку Залессе, што паміж Маладэчнам і Смаргонямі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя