Сёлета пройдзе другі Вандроўны фэст Караткевіча
Сёлета ў канцы лістапада пройдзе другі вандроўны фэст Караткевіча.
Калі летась Вандроўны фэст адбываўся ў Смалянах і Воршы, дык сёлета цэлы шэраг імпрэзаў, сустрэч, экскурсій ды конкурсаў у рамках Фэсту прымуць пяць гарадоў у трох розных краінах. Дзе і што будзе адбывацца, а таксама як шукаць інфармацыю пра ўдзел у Фэсце, распавяла адна з каардынатарак Вандроўнага фэсту Уладзіміра Караткевіча, пісьменніца Паліна Сцепаненка (Качаткова):
– Сёлета спаўняецца 90 год з дня нараджэння Караткевіча. Будзе другі Вандроўны фэст Караткевіча, які будзе мець шмат розных імпрэзаў: у Менску, Воршы, Кіеве, Вільні. У гарадах, якія былі дарагія Уладзіміру Караткевічу, якія ён апісваў у сваіх творах. Будуць аўтарскія экскурсіі, якія пройдуць у Менску, Воршы, Кіеве і Вільні па мясцінах Караткевіча. Абвешчаны конкурс унікальных дэбютных рукапісаў „Неба з сабою”. Узрост дэбютантаў не абмежаваны 35 гадамі, чалавек можа быць любога ўзросту. Выдаць дэбютную кнігу і таксама паўдзельнічаць у майстар-класах ад пісьменнікаў, паэтаў , павучыцца тыдзень. Гэта інфармацыя ёсць на сайце Вандроўны фэст Уладзіміра Караткевіча, які ўжо працуе. Там можна глядзець абнаўленні, глядзець усе івенты, якія будуць. Плануецца водны флэш-моб „Ладдзя радасці”. Можна будзе праплыць ад Воршы да Рагачова, наведаць мясціны апісаныя ў Караткевіча. Дняпро – гэта такая рака жыцця, якая ёсць фактычна ў кожным яго творы ў тым ці іншым выглядзе. Гэта і водарасці, і пясок, і вада, і сцэны на беразе Дняпра. Ужо аднойчы быў такі сплаў, ён адлюстраваны нават у фільме Віктара Корзуна і Касі Камоцкай „Як сканаю, душа застанецца”. Можна паглядзець, як людзі плавалі да гэтага. Сёлета ў межах Фэсту гэты флэш-моб можа быць больш масавым,але усё будзе залежыць ад сітуацыі з пандэміяй. Але лета пачынаецца, яшчэ да восені можна плыць па Дняпры. Будзе наведванне дома Уладзіміра Караткевіча ў Воршы. Будзе таксама экскурсія па вуліцы Караткевіча ў Воршы, па Дняпры. Наведаем мясціны, апісаныя ў рамане „Леаніды не вернуцца да зямлі”, які выйшаў у савецкі час пад назвай „Нельга забыць”. Наведаем дом Уладзіміра Караткевіча да таго, калі пачне стварацца экспазіцыя. Наведванне дому будзе магчымым, дзякуючы бізнесоўцу Андрэю Балабіну, як і конкурс „Неба з сабою”. Наведванне дома, які яшчэ не стаў музеем – вельмі цікавы момант, бо калі мемарыялізацыя і музеефікацыя адбываецца, то дом штосьці страчвае.
Сёлета Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 90 гадоў. З пісьменніцай, адной з каардынатарак Вандроўнага фэсту Караткевіча Палінай Сцепаненкай (Качатковай) гутарыў Кастусь Багушэвіч.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя