Сёння Алесю Пушкіну магло б споўніцца 58 гадоў
6 жніўня мастаку Алесю Пушкіну магло б споўніцца 58 гадоў. Сёлета 11 ліпеня яго не стала. У турме яму не аказалі своечасовую медычную дапамогу і ён памёр. 4 жніўня ў Беластоку на выставачнай пляцоўцы «Не-тэатра» адкрылася выстава яго памяці, якую падрыхтавалі беларускія мастакі, што працавалі ў мастацкай рэзідэнцыі беластоцкага «Дома творцаў».
Штодзень на выставе дзяжурыць і праводзіць экскурсіі для наведнікаў мастачка Тася Валошка.
– Магу сказаць, што ёсць людзі, якія прыходзяць менавіта на гэтую выставу. Таму што вельмі шмат беларусаў, якія зараз у эміграцыі. Многія з іх ведалі Алеся, асабіста ведалі. Таму яны адмыслова прыходзяць да яго. Сёння як раз дзень народзіў Алеся. Таму тут у нас асаблівае свята.
Выстава ў «Не-тэатры» будзе працаваць штодзень да 18 жніўня – у будні ад 16-й да 20-й гадзіны, у выходныя дні – з 11-й да 20-й гадзіны. Арганізатары таксама паведамілі, што ўжо паступілі прапановы паказаць гэтую выставу ў іншых гарадах Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Сёння Алесю Пушкіну магло б споўніцца 58 гадоў.
Вядомы беларускі мастак быў асуджаны да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі нібыта ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы.
Прысуд яму вынесла Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандр Кароль.
У ноч з 10 на 11 ліпеня Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі, куды ён трапіў з гарадзенскай турмы. Як пазней высветлілася, у Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў шпіталь, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
spring96.org