Сёння ў праваслаўных – Вялікая Пятніца (абноўлена)
10-га красавіка праваслаўныя вернікі адзначаюць Вялікую пятніцу – найбольш драматычны дзень у гісторыі Збавення людзей. Як кажа праваслаўны святар з Гародні Георгі Рой, кожны хрысціянін у гэты дзень суперажывае пакуты Ісуса Хрыста, а таксама Ягоную смерць на крыжы.
– Гэта не проста ўспамін. Гэта саўдзел ва ўсіх тых вялікіх падзеях, якія адбываліся з Хрыстом. Характар набажэнстваў такі, што мы як быццам бы пераносімся туды, на 2 000 гадоў назад, і назіраем і перажываем усё тое, што адбывалася. І калі мы гаворым пра Вялікія дні страсной нядзелі, то пятніца – самы строгі дзень усяго года.
У Каложскай царкве Гародні а 17-00 гадзіне 10-га красавіка пройдзе вынас Плашчаніцы, пасля якога пройдзе набажэнства “Пахаванне Плашчаніцы”. Плашчаніца праляжыць да позняга вечару Вялікай суботы.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
У Вялікі Чацвер у цэрквах служылі ютрань Вялікай Пятніцы, гэтак званыя 12 Евангелляў – чытанне 12 фрагментаў 4 Евангелляў пра апошнія моманты зямнога жыцця Хрыста.
У час чытання паасобных Евангелляў вернікі трымаюць запаленыя свечкі, часта стаяць на каленях. Пасля апошняга чытання свечкі не гасяцца – вернікі нясуць іх дахаты.
Кажа адна з прыхажанак:
– Занясу дадому. Калі буду ісці, то абыду дом кругом, занясу, пастаўлю, перахрышчуся і скажу: „Госпадзі, дай Божа дачакацца праз год Святога Чацвярга, каб яшчэ занесці свечку ў царкву”.
Сёння ў праваслаўных Вялікая Пятніца. Вернікі будуць кланяцца Гробу Гасподняму – Плашчаніцы.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара