“Тадэвуш Касцюшка як мастак”
Пад такім загалоўкам сёлета выйшаў набор паштовак, які ажыццявіў мемарыяльны музей-сядзіба імя Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне.

Выхад набору паштовак прымеркаваны да 275-годдзя з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі (1746-1817). Ён складаецца з 23 паштовак, на якіх адлюстраваны малюнкі Тадэвуша Касцюшкі: пейзажы, выкананыя тушшу і акварэллю, а таксама малюнкі алоўкам, на якіх пераважна адлюстраваны голыя мужчынскія натуры.
Пра гэта выданне мала вядома. І не ўсе ведаюць, што нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай Тадэвуш Касцюшка быў шматграннай асобай. Пры жыцці ён яшчэ выдатна маляваў. І вучыўся ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. Ён тады абраў курс, дзе навучанне пачыналася з капіравання твораў выяўленчага мастацтва, затым навучэнцы рабілі эскізы з антычных скульптур, пасля чаго прыступалі да партрэтаў жывых мадэляў. І толькі потым яны пачыналі ствараць уласныя кампазіцыі ў жывапісе і графіцы. Гэты працэс прасочваецца па малюнках Касцюшкі, якія захаваліся. Большасць з іх сёння складаюць частку калекцыі музея Чартарыйскіх у Кракаве.
Набор паштовак “Тадэвуш Касцюшка як мастак” яшчэ можна набыць у музеі-сядзібе ў Марачоўшчыне.





Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
