„Take Minsk home”- прэзентацыя ў Варшаве



Увосень мінулага года ў Варшаве ладзілася выстава „Я хачу дадому”. Цяпер жа паводле яе быў створаны фотаальбом „Take Minsk home”, яго прэзентацыя адбудзецца 7-га красавіка ў Беларускім Моладзевым Хабе. Таксама падчас імпрэзы пройдуць сустрэчы з аўтарамі здымкаў, размова з псіхолагам і тэматычны квіз.

Сённяшняя Госця Рацыі – арганізатар падзеі Ана Мацкевіч – распавяла нашай варшаўскай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай цікавосткі мерапрыемства, а таксама паразважала пра ўплыў такіх імпрэз на грамадства.

РР: 7 красавіка будзе падвядзенне вынікаў той самай выставы, якая пачалася яшчэ ўвосень. Для цябе менавіта, для арганізатаркі гэтай падзе, што гэта ёсць?

Ана Мацкевіч: Я трымала надрукаваныя альбомы, і гэта пачуццё, якое не перадаць словамі. Таму што адзіная рэч – гэта выстава, гэта ўжо вялікае нешта, івэнт, шмат людзей, шмат добрых водгукаў. Але нешта іншае – гэта кніжка, да якой можна дакрануцца, перагарнуць старонкі і пасля яе нехта набудзе, і гэтая кніжка ўжо будзе жыць сваім асобным жыццём. Сказаў мне такую думку мой Павел, што яно будзе жыць асобным жыццём, і гэта проста цудоўна, і гэта надае нейкі нават іншы сэнс усяму, што мы робім.

Мы будзем працягваць выставы. Ужо плануем зрабіць у траўні ў Вільні. Яна павінна была быць яшчэ зімой, але так атрымалася, што мы перанеслі на травень. Але гэты альбом ужо нешта асобнае. Гэта частка выставы, але гэта ўжо нешта асобнае. І ён нясе ў сабе такі сэнс, мы нават назвалі нашу прэзентацыю інакш, не “Я хачу дадому”, а „Take Minsk home” – “Забяры Менск дадому”. То-бок пакуль мы яшчэ не дома, менчукі, то мы можам сабе дадому, таго, у якім мы жывём, забраць Менск. Гэта зусім іншае.

РР: Цікава, што ў вас імпрэза, выстава сама “Я хачу дадому” ладзілася ў Музеі вольнай Беларусі. Зараз жа ў вас будзе падзея ў Беларускім Моладзевым Хабе. Чаму змянілі пляцоўку?

Ана Мацкевіч: Мы хацелі зрабіць гэтую падзею на пачатку красавіка, таму што напрыканцы красавіка ў нас іншая падзея – спектакль, і мы будзем больш пра яго расказваць. А ў музеі, на жаль, на пачатку красавіка не атрымалася, бо там цяпер таксама ідзе цудоўная выстава “Цемры”, і там нельга пакуль што праводзіць іншых мерапрыемстваў, таму мы вырашылі звярнуцца да нашых сяброў, да хабу. У хабе мы таксама шмат чаго ладзілі, вельмі любім гэтую пляцоўку. І, дарэчы, таксама так падумалі, што музей – гэта больш такое месца для выстаў, для канцэртаў, а ў хабе вельмі файна праводзіць дыскусіі, прагляды ці прэзентацыі. Таму я, напрыклад, адчуваю, што з пункту гледжання намоленасці такой атмасферы файнай і менавіта для гэтага, для кніжак, для фотаальбомаў, для дыскусій, хаб – гэта суперская пляцоўка.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:


Прэзентацыя фотавыставы „Take Minsk home” адбудзецца 7 красавіка, пачатак – у 18.30.

Беларускае Радыё Рацыя