Таня Скарынкіна і Ева Вежнавец. Жанчыны не здаюцца і выдаюць кнігі



Жаночая выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм / Pflaŭmbaŭm” нечакана для ўсіх (амаль па-партызанску!) выдала дзве новыя кнігі на сыходе зімы.

Аповесць Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча» прайшла доўгі шлях да свайго чытача. Рына, алкагалічка сярэдніх гадоў, з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала яе старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, – спакою… Але мы ніколі не атрымліваем таго, чаго хочам. Мроі пераплецены з рэальнасцю. Жанр кнігі – балотная казка. Наклад 400 экз. Год выдання: 2020.

Кніга Тані Скарынкінай “Райцэнтр” – эсэ, надрукаваныя ў свой час у часопісах “Прайдзісвет”, “Полымя”, “Мінкульт” і на сайце “Радыё Свабода”. “Гэтыя тэксты – спроба ўратаваць знакі часу ад знікнення ў хаосе сучаснасці, смелае намаганне вырваць нерасказаныя гісторыі з цемры забыцця. Таня Скарынкіна ўпісвае ў космас свой малы свет, яна і назіральніца, і ўдзельніца, і нястомная калекцыянерка штодзённага цуду …” – піша Альгерд Бахарэвіч.

Таня і Смаргонь непадзельныя. Хто яшчэ мог распавесці і перастварыць мясцовыя гісторыі менавіта так? Зрэшты, на падыходзе новыя гісторыі ў вершах і прозе. Чакаюць свойго ўвасаблення на паперы.

Наклад “Райцэнтра” інтрыгуе не меней за змест: у продажы пакуль толькі 20 экз. Пра паступленне асноўнай часткі накладу выдавецкая ініцыятыва абяцае паведаміць дадаткова. Год выдання: 2020.

Дар’я Ліс, Беларускае Рацыё Рацыя