Таня Скарынкіна і смарагдавыя папугаі Маргейта



Кніга Тані Скарынкінай «Шмат Чэслава Мілаша і крыху Элвіса Прэслі» ў перакладзе на ангельскую мову Джыма Дынглі атрымала сёлета ўзнагароду PEN Translates ангельскага ПЭН-Цэнтра. Днямі пісьменніца вярнулася з кніжнага кірмаша ў Эдзінбургу. Размаўляем з Таняй Скарынкінай пра паездку і кнігу.

РР: Таня, як так атрымалася, што Джым Дынглі ўзяў ды пераклаў тваю кнігу на ангельскую мову?

Таня Скарынкіна: Пазнаёміліся мы з Джымам толькі цяпер, калі я прыехала на прэзентацыю ў Эдынбург, дзе мая кніжка “Шмат Чэслава Мілаша і крыху Элвіса Прэслі” выйшла ў шатландскім выдавецтве. Важна зазначыць, што Джым Дынглі супрацоўнічае з выдавецтвам “Логвінаў”, дзе была надрукавана на беларускай мове мая кніга эсэ “Шмат Чэслава Мілаша і крыху Элвіса Прэслі”. Потым выданне трапіла ў кароткі спіс прэміі Гедройца… Фіналістаў Гедройца возяць па міжнародных кніжных кірмашах, перакладаюць “іх кавалачкі” менавіта для замежных выдаўцоў. Гэту кнігу заўважыла ў Варшаве эдынбургскі выдавец  Джын Фінглі. Зацікавілася і вырашыла выдаць: тэкст пераклікаўся з пэўнымі асабістымі згадкамі, нагадваў чымсьці падобную па стылі яе кнігу, дзеля якой і было заснавана ў свой час выдавецтва. Такі вось ланцужок атрымаўся.

РР: Пяройдзем да ўражанняў ад Лондана… Вось ты прылятаеш і… Які ён?     

Таня Скарынкіна: Ведаеш, я бачыла яго толькі з акна самалёта (аэрапорт Гатвік). Джым Дынглі сустрэў мяне ў аэрапорце, мы адразу ж селі на цягнік і паехалі да яго ў госці, у прыморскі горад Маргейт. Лондана я ў пачатку паездкі нават не бачыла – толькі прыгарады… Найбольш мяне ўразіў не Эдзінбург (такі сабе шэры горад на скале!) і не Лондан, а менавіта Маргейт… Таму што ён утульны, вельмі стары (захаваліся дамы 12 ст.!) і там – мора…

РР: Халоднае?

Таня Скарынкіна: Так, Паўночнае… Яшчэ ў пачатку 20 ст. тут быў курорт… І ёсць агромністы парк, дзе я сядзела пад дрэвамі і спрабавала запісаць мову птушак. Гіганцкія зялёныя ўзгоркі. Смарагдавыя папугаі. Магчыма, яны збеглі аднекуль… Усё было незвычайна і экзатычна. Бадай, самае важнае – у Маргейт прыязджаў мой любімы мастак Уільям Цёрнер! Хацела ўбачыць яго карціны – на жаль, не атрымалася. Мне было вельмі важна адчуць нейкае судакрананне з мастаком. Віза атрымана на паўгода – надзея застаецца. А раптам?

Ужо потым мы паехалі ў Эдзінбург… Вярнуліся ў Лондан, дзе я была адзін дзень на зваротным шляху… Па вялікім рахунку, палова падарожжа прайшла ў цягніках. Глядзела з вакна на кароў, авечак, замкі, мора… Прыгожа!

РР: А сама выстава і Эдзінбург?

Таня Скарынкіна: Вольга Бабкова казала, што Эдзінбург – шэры горад… Ён насамрэч шэры! А людзі вельмі яркія… Выстава? Там так шмат усяго было… Пазнаёміліся з шатландскімі паэтамі і вячэралі разам у рэстарацыі ў першы вечар. Яны распавядалі пра сваіх любімых пісьменнікаў – аказваецца, шатландцы моцна захопленыя класічнай рускай літаратурай (Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў…)  Што тычыцца майго выступу, то гэта была двайная прэзентацыя – адзін шатландскі журналіст распавядаў пра сваю кнігу (смешныя гісторыі чалавека, які ходзіць распранутым, жадаючы паказаць свабоду, але пастаянна трапляе ў турму…), а я – пра сваю.  Я не адчувала сябе чужой і адасобленай насуперак сваёй дрэннай ангельскай (да таго ж побач быў Дынглі!) Потым была аўтограф-паці – я ледзь паспявала распісвацца. Было цікава сустрэць дзяўчат з Барысава і Вілейкі, нейкую польку, якую зачапіла слова “Мілаш”. Напэўна, тэмы кнігі па-просту блізкія многім, інтэрнацыянальныя.

РР: Як ты плануеш піярыць і прэзентаваць сваю новую кніжку “Амерыканскія горкі”? ці ёсць думка паехаць у Штаты?

Таня Скарынкіна: Чаму не? Было б здорава з’ездзіць у Чыкага і ўбачыцца “ўжывую” са сваёй фрэндэсай па фэйсбуку Алай Дзехцяр. Было б здорава выступіць у яе музычна-літаратурным салоне. Не, я нават не мару пра гэта, але і пра Эдзінбург я не марыла, таму… Усё магчыма!

Цяпер я б хацела напісаць кнігу прозы… Думаю, варта пачаць з расповедаў.

РР: Якія яшчэ маеш ідэі – літаратурныя і не вельмі?

Таня Скарынкіна: Мы гулялі па Лондане ўздоўж Тэмзы. І там ля шэкспіраўскага тэатра “Глобус” убачылі чалавека з чырвонай друкаркай – ён на хаду пісаў вершы на замову! Чырвоная друкарка з чырвонай лентай. За грошы. Першы раз я бачыла такое! І я падумала, што было б цікава паспрабаваць пісаць вершы на замову (праз фэйсбук!) прыгожым стараславянскім шрыфтам на прыгожай паперы – такі сабе дадатковы ганарар вольнага мастака і паэта!

[Not a valid template]

Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя, Смаргонскі раён

Фота аўтара і з фэйсбука Тані Скарынкінай