Таццяна Грыневіч-Матафонава: Цяпер усе мае песні ёсць у вольным доступе
Пра музычную культуру Беларусі. У інтэрнэце з’явіўся ўнікальны музычны рэсурс. На ім сабраны запісы 67 беларускіх песень, выкананых вядомай папулярызатаркай беларускай музычнай творчасці Таццянай Грыневіч-Матафонавай.
Такім чынам Таццяна стварыла адмысловую Анталогію беларускай песні. Сёння яна Госць Рацыі і распавядае пра сваю працу. З ён паразмаўляў Алесь Аркуш.
РР: Таццяна, цябе і ў Беларусі і за мяжою ведаюць як папулярызатарку беларускіх песняў. Вядомыя таксама і твае ранейшыя праекты, якія ты запісвала і выдавала на CD. Цяпер ты вярнулася да гэтай працы. Раскажы, які праект ты цяпер стварыла.
– Перад 2020 годам, дзесьці 2018-2019, мы з мастацкім кіраўніком філармоніі прыйшлі ў студыю і зрабілі запіс 10-12 песняў. Іх трэба было прадставіць слухачу, а папярэднія пажаданні былі „ты выклала шмат песняў у дзіцячых дапаможніках для школы сярод вершаў, а нам цікавыя твае спевы“. І я з тых ранейшых дыскаў, і апошні запіс, і запісы па дарозе былі, калі я вандравала па Польшчы, цікава было ў Познані пасля канцэрту, падыходзіць чалавек і кажа „я бы хацеў вас запісаць, я сам гукарэжысёр, вы так мне спадабаліся“. А часу бракуе, бо ўжо амаль ноч, а заўтра з раніцы ад’езд ва Уроцлаў, бо там наступны выступ. І я кажу, маўляў, калі ж я здолею. І дамовіліся сустрэцца раніцай, сустрэліся, запісалі тры песні пад гітару.
РР: Ты доўгі час збірала ўсе гэтыя запісы і песні і нарэшце ты іх усе апублікавала і заліла ў інтэрнэт. Што гэта за сайт, што гэта за старонка?
– Гэта дапамаглі беларусы стварыць такую старонку, куды залілі ўсе мае папярэднія працы, і цяпер іх можна знайсці на гэтым сайце – hrynievich.com. Я сама яшчэ слаба разбіраюся, але дзякую Богу, што такая старонка з’явілася, дзе можна выкладаць, і куды можна зайсці і пабачыць усю маю працу папярэднюю. І гэты дыск я назвала «Дзе ты зорка мая?«, бо здалёк, з чужыны мы гукаем, зорка нашая – Беларусь.
РР: І гэтая калекцыя, што яна ўтрымлівае? Гэта народныя песні, гэта вядомыя песні аўтарскія?
– Гэта класічная беларуская песня. Кампазітарскія песні. Народных 1-2 песні. А астатнія – аўтарскія беларускія кампазітарскія песні.
Сваю Анталогію беларускай песні Таццяна Грыневіч-Матафонава назвала «Дзе ты зорка мая?». Яе можна знайсці па адрасе www.hrynievich.com. Таццяна плануе працягваць працу над анталогіяй і надалей пашыраць яе.
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя