Таццяна Грыневіч: Мы ў лепшым становішчы, чым курды – мы маем краіну
Вядомая беларуская спявачка і бард Таццяна Грыневіч ужо 8 месяцаў жыве ў Турцыі. Яна сумуе па Беларусі, шчыра перажывае за беларусаў, адсочвае ўсе падзеі, якія тут адбываюцца.
Наш карэспандэнт пагутарыў з Таццянай, якая пагадзілася паразважаць пра лёс беларусаў, пра яе гістарычнае мінулае і сённяшні час, пра нашу мову і культуру.
– Спадарыня Таццяна, Вы цяпер знаходзіцеся далёка за межамі Беларусі. Як Вы думаеце, ці Кастусь Каліноўскі ў свой час мусіў эмігрыраваць? І ці генерал Булак-Булаховіч мог вярнуцца на Беларусь? Пытанні, праўда, не для жанчыны, якая займаецца бардаўскай, аўтарскай і народнай песняй, цудоўна іх выконвае, але тым не менш. Хацелася б пачуць Вашу думку…
– Лiчу, што кожны чалавек, якi жыў, жыве i будзе жыць мусiць прайсцi свой шлях, той, якi дадзены Богам, i абмяркоўваць цi правiльны гэты шлях, як спрачацца, цi абсалютны абсалют. Можна i эмiграваць, i вярнуцца, i кожны з гэтых варыянтаў быў i будзе правiльны. Нашы героi выбiралi i выбiраюць лепшыя шляхi на iхняе гледзiшча ў дадзеным часе i эпосе. Усе падзеi звязаныя. Калiноўскi аддаў жыццё тады, каб мы зараз абудзiлiся, Булаховiч змагаўся тады, каб мы зараз працягвалi змаганне. I толькi тады, калi мы ўсе, не адзiн, не сто, не тысяча, нават не 300 тысяч беларусаў, а ўсе разам адчуем сувязь з нашай зямлёй, з каранямi, з мовай, культурай нашых продкаў, адчуем моц нашай зямлi i напоўнiмся яе энергiяй, пазiтывам, то па законах сусвету тыя жахi, што мы кожны дзень сёння бачым у навiнах, павiнны змянiцца на шчаслiвую і квiтнеючую Беларусь нашай мары, вольную, без дыктатуры, без катаванняў i забойстваў, але такую, якую мы ўжо бачылi ўвосень 2020 года з вялiкай ўзаемадапамогай, падтрымкай, любоўю адзiн да аднаго. Мы на правiльным шляху. I можна з упэўненасцю сказаць, што шляхi Калiноўскага i Булаховiча таксама былi i ёсць правiльнымi.
– Мы любім Беларусь. Але, ці дастаткова мы любім адзін аднаго?
– Тыя падзеi 2020 года крыху адкрылi нам сакрэт, якой павiнна быць наша любоў адзiн да аднаго. Але, вядома ж, нам не хапае, безумоўна, любовi. За апошняе дзесяцiгоддзе я шмат назiрала, як беларусы сварацца памiж сабой, асаблiва гэта было бачна за мяжой, спрэчкi з-за грошай, нерухомасцi, улады, месца пад сонцам. Нешта падобнае, толькi ў павялiчаным маштабе, мы назiраем i сёння ў Беларусi. Людзi, як дрэвы, адны з падрэзанымi каранямi, другiя з моцнымi (маю на ўвазе сувязь з продкамi, мовай, культурай) адкуль змогуць пачуць адзiн аднаго, калi часам нават людзi з адной i той жа пазiцыяй не могуць знайсцi паразумення? Калi мы не маем любовi, чаму чакаем, што любоў будзе вакол, чаму чакаем любовi ад акупантаў? Яны ж прыйшлi, каб знiшчыць нас. А мы да iх з любоўю, з кветкамi… Нешта не спрацавала. Цi мы былi не шчырымi, цi з акупантамi такая схема не пасуе?.. Але ўсё роўна павiнна заставацца штодзённая праца кожнага чалавека над самiм сабой, вучыцца любiць, паважаць, прымаць, чуць, рабiць дабро, самаадукоўвацца, бо, выглядае, што прычына ўсiх праблем нашай зямлi ў адсутнасцi каранёў i нелюбовi, iнакш бы акупанты не здолелi прыйсцi на нашу зямлю.
– Мы супольныя ў эмоцыях і пачуццях, але розныя ў мове. Што рабіць?
– Эмоцыi i пачуццi беларуса таксама цiкавая тэма. Беларус увесь час плакаў у песнях, у вершах, у жыццi, i зараз плача. Тыя эмоцыi, якiя акумулюе ў сабе чалавек прыцягваюць аналагiчныя жыццёвыя сiтуацыi. На нейкi кароткi час мы змянiлi свае эмоцыi i пачуццi, паверылi, i Беларусь стала iншай. Але ў нас не хапiла сiлаў, любовi i мовы, як чыннiка, якi аб’ядноўвае народ. Мова і культура калісьці стала падставай для стварэння дзяржавы. У 1863 годдзе пачаліся такія ж абсурдныя прысуды, катаванні, забойствы ні за што, як і зараз. Але гэта толькі падаецца, што ні за што, бо мова і сімвалы – гэта ўсё. Атрымліваецца, што ў той час наш народ не да канца засвоіў урок жыцця, не цалкам адпакутаваў, таму ўсё паўтарылася спачатку ў 1937-м, цяпер сёння. Вусцішна ад гэтай думкі, але менавіта такі наш шлях да Беларусі і мы яго мусім прайсці. Калі мы не справімся, то з такой жа сітуацыяй сутыкнуцца нашы нашчадкі праз 100 год. І звягаць у інтэрнэце на кожным кроку: „гэты зрабіў не так, а той зрабіў не гэтак”, такім чынам праяўляючы агрэсію – гэта крок назад, бо кожны робіць справу па сваім разуменні, хтосьці ад шчырага сэрца, хтосьці, каб зарабіць грошай, хтосьці, каб усё парушыць, але судзіць можа толькі Бог. У дадзеным выпадку я не маю на ўвазе акупантаў і іх дапамагатых, якія чыняць гвалт.Я кажу пра нас з вамі, хто ўдзельнічаў у падзеях 2020 года, хто седзячы дома і крытыкуючы і абвінавачваючы, хто выходзячы на вуліцы з кветкамі і песнямі, розніцы няма, бо ўсе мы былі задзейнічаны нейкім чынам, эмацыйна рэагуючы на падзеі, і толькі нашы эмоцыі мяняюць свет вакол нас (дрэнныя эмоцыі ў горшы бок, добрыя ў лепшы). Толькі любоў і мова выратуюць нас. Знаходзячыся 8 месяцаў у Турэччыне я нават ўявiць не магу, каб туркi памiж сабой пачалi камунiкаваць на чужой iм мове. Таксама бачу, як турэцкiя курды вельмi трымаюцца сваёй мовы i гэта тое, што iх уратуе як нацыю. Але на дадзены момант, якая нават не мае сваёй краiны. Мы ў лепшым становiшчы, бо маем дзяржаву, але ў горшым, бо не маем мовы. Таму i чужынец да нас iдзе, бо пачуваецца тут, як свой, пачынае намi кiраваць i ўказваць, як нам жыць, а ў горшым выпадку – забiвае нас.
– Ці мова –гэта панацэя?
– Мова – гэта панацэя ў стагоддзях. Каб ёй стагоддзямi карысталiся, то цяперашняя сiтуацыя была б абсалютна iншая, значна лепшая. Калi зараз адрадзiць мову, то яна, безумоўна, зварухне грамадства i наблiзiць нас да перамогi, а таксама спрацуе на будучыню Беларусi, каб на нашу зямлю больш нiколi не ступала нага акупанта. Але зараз падумалася, што з-за мяжы разважаць лёгка і пра карані, і пра любоў, і пра змаганне, як трэба, як не трэба, і пра мову, і пра ўсё на свеце. Але калі твой дом у агні, у небяспецы, то застаюцца толькі думкі „як выжыць”, таму ўсім нам жадаю цярпення, веры і працы над сабой. Лепшы час прыйдзе. Я веру.
– Над чым вы зараз працуеце?
– Мая творчая i грамадская праца нязменная вось ужо гадоў пятнаццаць. I не мае рознiцы, куды мяне жыццё заносiць, я заўжды адданая беларускай справе. Разам з Сержуком Сокалавым-Воюшам зараз распачалi ў Зуме ладзiць творчыя сустрэчы, 7 чэрвеня а 20-й адбудзецца чацвёртая па лiку з удзелам барда i фалькларыста Аляксея Галiча. Далучайцеся. Многа часу прысвячаю стварэнню i запiсу песень, якiя выкладаю на ютуб-канале Matafan Records, таксама на канале можна пабачыць вiдэападарожжы па Стамбулу, па музеях Стамбула, можна пачуць вершы з дыскаў „Няма прыгажэй ад маёй Беларусi” i „Сотня вершаў”, народныя танцы i шмат чаго iншага.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя