Таццяна Грыневіч сустрэлася з беларусамі ў Маямі
У Маямі (ЗША) адбылася вельмі душэўная літаратурна-спеўна-танцавальная сустрэча беларускай спявачкі Таццяны Грыневіч з беларусамі.
Падчас сустрэчы гучалі галасы беларускіх паэтаў, песні на іх вершы, усе разам спявалі і ладзілі гульні з танцамі.
За тыдзень у Маямі Таццяна Грыневіч арганізавала сабе цэлы музычны калектыў. Разам з былой аднагрупніцай Вольгай Вазяковай і ейнымі дзецьмі беларуская спявачка падрыхтавала шэраг нумароў, а таксама стварыла і прэзентавала новую песню „Тата”.
У выкананні Таццяны Грыневіч гучаў „Паланэз Агінскага”, які спявачка выканала на скрыпцы і фартэпіяна, а таксама прагучала песня пад гітару на словы Сержука Сокалава-Воюша.
На сустрэчы ў Маямі прысутнічалі ўкраінцы з беларускімі каранямі. Таму ў падтрымку Украіны Таццяна заспявала некалькі ўкраінскіх песень. А калі загучалі гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і гімн Украіны, то ўсе разам слухалі іх стоячы. І думалі супольна пра вольную ад дыктатуры Беларусь і перамогу ўкраінцаў над расейскімі захопнікамі.
Пасля спеваў і танцаў, далёка ад Бацькаўшчыны, усіх прысутных частавалі беларускімі дранікамі.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара