Таццяна Казак пра „Ноч музеяў” у Варшаве



13-га траўня ў Варшаве пройдзе Ноч Музеяў. Традыцыйна ў гэты час будуць адчыненыя культурніцкія і не толькі лакацыі, некаторыя з якіх звычайна недасяжныя для наведнікаў.

Сённяшняя „Госця Рацыі” – Таццяна Казак – гід з Беларусі, якая ўжо доўгі час жыве ў Варшаве і ладзіць тут экскурсіі. У размове з нашым карэспандэнтам яна распавяла пра адметнасці Ночы Музеяў у Польшчы, а таксама дала парады па яе наведванні.

РР: Наперадзе нас чакае „Ноч музеяў”. Якая яна звычайна ў Варшаве, у Польшчы?

Адным словам – цікавая. Я паглядзела, напрыклад, у Варшаве будзе задзейнічана больш 160-ці розных установаў. Яна вельмі насычаная. Я заўсёды кажу, што нельга нікуды выязджаць. Яна насычаная кожны год. Гэта напэўна мая адзінаццатая „Ноч музеяў” у Варшаве будзе. Заўсёды знаходзіла штосьці новае для сябе, таму яна, у першую чаргу, цікавая. Не варта пакідаць Варшаву ў гэты дзень і ноч.

РР: Якія менавіта імпрэзы „Ночы музеяў” вам прыгадваюцца ў першую чаргу?

Калі я была першы раз у 2010 годзе, я паехала, сяброўка запрасіла, яна тут жыла. Я тады працавала ў музеі. Мяне ўвогуле здзівіла ў добрым сэнсе рознабаковасць дзейнасці саміх музеяў. То бок заходзіш у нейкі класічны музей, а там бодзі-арт. ЦІ нейкае такое памяшканне, быў здаецца этнаграфічны музей, дзе кожны мог пакінуць сваю думку, не памятаю толькі пра што, але ўвесь пакой быў расклеены паперай. Гэта форма для мяне звязаная з мастацтвам дзесьці, вельмі спадабалася. Таксама ў этнаграфічным музеі, сярод класічных народных абразоў, знаходзіліся людзі, апранутыя, як Мадонны, але па-сучаснаму. Для мяне гэта было нешта зусім новае. Выстава людзей цікава апранутых, але тэматычна да той канцэпцыі, якая непасрэдна была прадстаўлена ў экспазіцыі самога музею. Мне падабаюцца адкрытыя прасторы, такія тэхнічныя. Хоць і называецца „Ноч музеяў”, але я менш за ўсё музеяў наведваю падчас гэтых начэй. Напрыклад, калі адчынена аўтобуснае дэпо ці трамвайнае, гэта мне вельмі падабаецца. Увогуле патрапіць у нейкае месца, у якія нават не здагадваешся, што можна схадзіць. Таксама падабаюцца розныя галерэі, якія працуюць. Напэўна найбольш падабаецца сама атмасфера, бо ўвесь горад кудысьці заходзіць, выходзіць, паўсюдна нейкі шум. Мне падаецца, што такіх мерапрыемстваў, як „Ноч музеяў, няшмат у Варшаве, калі б цэлы горад імкнуўся кудысьці выбрацца.

РР: Куды ў першую чаргу накіравацца ў гэтым годзе? Ці ёсць у вас свой спіс?

Напэўна кожны сам абірае па сваіх магчымасцях, у тым ліку фізічных. Я заўсёды кажу, напрыклад, стаіш у чарзе, у нейкі там музей ці ўстанову, трэба хадзіць. Таму трэба ўлічваць свой фізічны стан. Парада, не хадзіць на дзве ночы запар, бо напрыклад, бо ў некаторых гарадах яна раней. З аднаго боку гэта цудоўна, але ў мяне была такая практыка ў прошлым годзе, наведала Кракаў, прыехала ў Варшаву, дзе максімум у два месца схадзіла. Я зразумела, што страшна стамілася, яшчэ ад той не адышла. Майце на ўвазе, што ночы ў Кракаве і ў Варшаве ў розны час праводзяцца. Што наведаць, па-першае, праграма выкладзеная на сайце адміністрацыі Варшавы, можна спампаваць, яна на польскай, ангельскай і ўкраінскай мовах. Заўсёды кажу, выбірайце тое, што бліжэй да вас. Жывяце ў Варшаве, у якім-небудзь раёне Бялалэнка, адкрываеце і глядзіце, што арганізоўвае мясцовы дом культуры. Магчыма вы пад іншым ракурсам, па-іншаму адкрыеце сабе той раён, дзе вы жывяце. Калі вы вырашылі пайсці ў музей, то ніколі не выбірайце тыя, якія і так наведаеце. Што я маю на ўвазе, вялікія музеі, як Лазенкі, Вілянуў ці Каралеўскі замак. Так ці інакш вы туды патрапіце. Вядома, што там могуць быць нейкія мерапрыемствы, але чарга, якая будзе перад музеем, павінна адбіць у вас ахвоту. Ідзіце ў тыя музеі ці месцы, якія звычайна не адкрытыя ці вы нават не здагадваецеся пра іх існаванне, а такіх досыць шмат.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Сама ж Таццяна цяпер ладзіць экскурсіі не толькі ў Варшаве, але і ў іншых гарадах. Анонсамі сваіх пазнавальных падарожжаў беларуска Варшавы дзеліцца ў сваім інстаграм-акаўнце.

Беларускае Радыё Рацыя