Таццяна Мархель: На „Басовішчы” я спявала два разы



Басовішча – 2019. Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель у інтэрв’ю Радыё Рацыя згадала, што напачатку 1990-ых гадоў наведвала фестываль пад Беластокам.

Паводле словаў актрысы і спявачкі, на «Басовішча» яе прывёз рок-гурт «Уліс» пасля супольнае гукасесіі ў Ольштыне.

 – Ездзіла з Віцебска на “Басовішча”. Памятаю, ехалі на машынах. Яны недзе ў кустах пакідалі бензін, да граніцы яшчэ, на нашай тэрыторыі, каб заправіцца. На “Басовішчы” я разы два спявала. У мяне была яшчэ афіша, я дачцэ аддала старэйшай. І ездзілі туды перад гэтым многа ў “Ніву”, да рэдактара “Нівы”. З “Вольнай сцэнай” мы прыязджалі да яго дадому. Мы там у яго і сядзелі, і ў яго сям’і былі.  

Таццяна Мархель кажа, што разам з «Вольнай сцэнай» і Рэспубліканскім тэатрам беларускае драматургіі яны ўжо сталі на Падляшшы сваімі людзі. Нагадаю, што юбілейнае, 30-ае па ліку, «Басовішча» пройдзе пад Беластокам 19-20 ліпеня.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя