Таццяна Нядбай: ПЭН-цэнтр будзе працягваць сваю працу



Ці Беларускі ПЭН-цэнтр у выгнанні – гэта ўжо факт? “Не да канца гэта так”, – адказвае першая намесніца старшыні арганізацыі Таццяна Нядбай. Яна лічыць, што гэтае пытанне павінна абмяркоўвацца на ўзроўні Рады:

„Шмат хто з каманды ПЭНа сёння апынуліся ў выгнанні дзеля таго, каб мець бяспечыныя ўмовы для далейшай працы на карысць Беларусі, на карысць беларускай літаратуры, культуры. Але шмат хто і застаўся ў Беларусі, і тут самае галоўнае, што нашая дзейнасць будзе працягвацца ў Беларусі, яна не будзе мяняць свайго вектара. Мы як раней былі скіраваныя ўнутар краіны, так і будзем скіраваныя. А дзе знаходзяцца людзі на сёння, гэта ўжо не так істотна”.

Беларускі ПЭН-цэнтр працягвае сваю дзейнасць у культурнай сферы, а таксама працуе ў кірунку абароны правоў творцаў. Што тычыцца праблем Беларускага ПЭН-цэнтра на сёння, то сярод галоўных – вынішчэнне культурнага поля. Працягвае Таццяна Нядбай:

„І нашая адна з найгалоўных задач па магчымасці дапамагчы захаваць тое культурнае поле, якое сёння ёсць у Беларусі. Дапамагчы творцам, альбо выдыхнуць дзесці за межамі, каб яны пасля маглі вярнуцца ў Беларусь і працягваць працу. Альбо даць ім магчымасць у Беларусі працаваць, я бы ў публічнай прасторы далей не стала бы развіваць гэтую думку”.

9 жніўня бягучага года Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне пра ліквідацыю Беларускага ПЭН-цэнтра. Арганізацыя паўстала ў 1989 годзе. На гэты час яе старшынёй з’яўляецца лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.

Беларускае Радыё Рацыя