Таццяна Нядбай: У гэтай кнізе мы імкнуліся паказаць Алеся Бяляцкага і як культурніцкага дзеяча
Літаральна за некалькі дзён да ўручэння Алесю Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру пабачыла свет яго кніга, якая называецца «Алесь». Гэтая кніга адкрывае чытачу Беларусь, якая працягвае змаганне за праўду. Кнігу падрыхтаваў да друку Беларускі ПЭН, а выйшла яна ў выдавецтве «Полацкія лабірынты».
Госцем Рацыі з’яўляецца старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай. Пра працу над гэтай кнігай яе распытаў Алесь Аркуш.
РР: Якая была канцэпцыя ад пачатку працы над кнігай? Ці была ўвогуле канцэпцыя?
Таццяна Нядбай: Па-першае, канцэпцыя безумоўна ёсць. Бо без гэтага было б не зразумела, што мы выдаем. Калі мы даведаліся, што Алесь атрымаў Нобеля, зразумелі, што трэба выдаць кнігу, якая і беларусам, і замежнікам паказала б шматгранную асобу Алеся і зрабіла б яго добрым прыяцелем, я б сказала, для чытачоў – як для беларусаў, так і для замежнікаў. Кніга складаецца перадусім з тэкстаў самога Алеся, якія былі выбраныя з таго, што раней публікавалася ў ягоных кнігах. І я хацела б падзякаваць праваабарончаму цэнтру «Вясна», які выдаваў алесевы кнігі, нам было з чаго выбіраць. Мы арыентаваліся на тыя тэксты, якія найлепш раскрывалі б талент Алеся і праяўленне гэтага таленту ў шматлікіх сферах, да якіх ён прыкладаўся – гэта і праваабарончая дзейнасць, гэта і літаратура, і культура. І вось выбралі гэтыя найлепшыя тэксты, адрэдагавалі іх, і гэтыя тэксты склалі аснову таго, што выдалася ў кнізе. Адной са складовых частак гэтага выдання сталіся выказванні сяброў, паплечнікаў, калег Алеся. Гэта нашая магчымасць сказаць яму дзякуй. Сказаць праз гэтыя словы, праз успрыняцце яго сяброў і калег, паказаць таксама такім чынам хто такі Алесь як сябра, як прыяцель, як калега, як партнёр. І трэцяя частка – гэта фотаздымкі з прыватных архіваў. У нас цэлая каманда працавала над кнігай, я, на жаль, не магу называць гэтых чальцоў каманды па зразумелых усім сёння прычынах. Гэта фотаздымкі з прыватных архіваў, мы прасілі ў розных людзей, штосьці шукалася ў інтэрнэце. І тут я хацела б падзякаваць незалежным СМІ за тое, што друкавалі інтэрв’ю з Алесем, друкавалі ягоныя блогі, што нам дазволіла знайсці і нейкія дадатковыя фотаздымкі.
РР: А хто канкрэтна выканаў усю вось гэтую працу – адбіраў тэксты, рэдагаваў?
Таццяна Нядбай: Вось, на жаль, на гэтае пытанне я адказаць не магу. У кнізе вы можаце прачытаць, што гэта зрабіў Лявон Сновіч. І прапаную з гэтай інфармацыяй нам жыць далей да лепшых часоў. А таксама хачу сказаць, што кніга дзеліцца на дзве часткі. Першая частка – гэта да праваабарончага цэнтра «Вясна», да 1996 года. І другая частка – пасля стварэння праваабарончага цэнтра «Вясна», гэта фактычна дзейнасць Алеся ў межах гэтага цэнтра. Прэмію Алесь атрымаў і судзяць яго зараз за праваабарончую дзейнасць, але мы хацелі ў гэтай кнізе паказаць яго таксама як культурніцкага дзеяча, як апантанага беларушчынай дысідэнта позніх савецкіх часоў, які праз усё жыццё нёс гэта, і вось зараз, мы ведаем, ён у судзе патрабаваў, каб суд вёўся па-беларуску, але, на жаль, гэтае патрабаванне не было задаволена.
РР: Ну і сімвалічна, што ён ствараў музей Максіма Багдановіча ў Менску.
Таццяна Нядбай: Так, ствараў музей, але таксама быў адным са стваральнікаў Таварыства «Тутэйшыя». І пра гэта таксама ўсё ёсць у кнізе. Заахвочваю чытаць.
Цалка размова:
У кнізе выкарыстаны: ўспаміны Алеся Бяляцкага, апублікаваныя ў розных ягоных кнігах; публікацыі ў перыёдыцы; выступленні на канферэнцыях, у судах; лісты на свабоду; шматлікія інтэрв’ю беларускім і замежным СМІ. Кніга таксама змяшчае выказванні паплечнікаў Алеся. На працягу бліжэйшых месяцаў адбудзецца шэраг прэзентацый кнігі.
Беларускае Радыё Рацыя