Таццяна Нядбай: Усе прэміі накіраваныя, каб падвышаць прэстыж беларускай літаратуры, беларускіх аўтараў
Пачаўся прыём заявак, арганізатары кажуць, што чакаюць ўсіх літаратараў. Гэта пра чарговую прэмію Гедройца. Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў пачынаюць 12-ты сезон літаратурнай прэміі. Пра гэта гутарка з нашай госцяй, Таццянай Нядбай:
— Калі мы прымусова ліквідоўваліся ў Беларусі, вымушана перамяшаліся ў Польшчу. Для нас адной задачай было не згубіць нашую дзейнасць, не паддасца гэтым рэпрэсіям, што супраць нас учыніліся. Вядома, гэта пытанне чэсці захаваць літаратурныя прэміі, нягледзячы на сітуацыю на кніжным рынку, выдаўцамі, наагул з беларускай кнігай. Вось жа, сёлета пазней, чым звычайна, але гэта таксама не зусім ад нас залежала, мы распачалі прыём заявак на прэмію Гедройца, зрэшты, і на іншыя прэміі таксама — на дэбют і г.д. Але прэмія Гедройца, я тут не зусім згаджаюся, што гэта самая прэстыжная прэмія, бо я ўважаю, што ўсе прэміі, усіх жанраў літаратуры, прэстыжныя, бо яны накіраваныя, каб павышаць прэстыж беларускай літаратуры, беларускіх аўтараў. Вядома, проза ў нас успрымалася як найбольш сур’ёзны жанр. Зноў жа, скажу, я паэтка, і для мяне вершы цікавыя, і іншыя жанры для мяне таксама важныя, і пераклады ў нас найбольш дынамічна развіваюцца ў літаратуры. У сэнсе прызавога складніка, гэтая прэмія найбольш важная, сур’ёзная. Першае месца нам удалося захаваць 5000 еўра як прыз за першае месца. Але лаўрэатам другога і трэцяга месца будуць прызы традыцыйныя ад міжнароднага саюзу пісьменнікаў. Гэта будзе выданне наступнай празаічнай кнігі і рэзідэнцыя на выспе, хутчэй за ўсё.
РР: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў — раскажы, калі ласка, што гэта такое.
— Тут я бы з меркаванняў бяспекі перадусім не хацела б выказвацца за калег. Магу сказаць, што старшынём гэтага саюзу ёсць Дзмітры Плакс. І гэта нашыя партнёры, але я вельмі вымушаная падбіраць словы, і не хацела б гэтага рабіць, хай бы яны лепш самі пра сябе расказалі. Але гэта нашыя партнёры ў многіх літаратурных праектах.
РР: Вось, калі гаварыць пра літаратурныя беларускія працэсы. У 2023 годзе варта ўзгадаць гэтыя тры гады, што мы пражылі. Мне здаецца, пераважна пісьменнікі з замежжа будуць браць удзел у гэтым конкурсе. Ці я памыляюся?
— Папраўдзе, мы адкрытыя для ўсіх, і яшчэ летась і пазалетась, у нас паўстаўлялі пытанні бяспекі – тут скажу адразу, мы не можам гарантаваць бяспеку ўдзельнікам з Беларусі. Але на сёння трэба разумець, што мы не прызнаныя нейкаю злачыннаю арганізацыяй, з якою супрацаваць людзям з Беларусі небяспечна. Вядома, пры тым, што вельмі шмат тых дзеянняў, тых рэчаў, каторыя мы не ўважаем небяспечнымі, незаконным, а беларускі рэжым трактуе як незаконныя і рэпрэсуе за гэта людзей. Прадказаць, як будзе развівацца немажліва. Наш боль і нашая радасць у тым, што рэжым заўжды трактаваў культуру як нешта другаснае, як штось менш істотнае. І таму, мабыць, да нас пакуль не дайшлі рукі. І акурат таму трэба выкарыстоўваць гэтую мажлівасць. Хаця пры гэтым за першыя 6 месяцаў маніторынг зафіксаваў 925 выпадкаў рэпрэсіяў. Гэта за першыя 6 месяцаў 2023, а гэта ўзрастае колькасць рэпрэсіяў за перыяд паловы года ў параўнанні з мінулым такім перыядам. І гэта пры тым, што мы не пра ўсё ведае, не ўсё трапляе ў публічную прастору, у фокус нашай увагі. Усё ж недарэчна казаць тое, што не дайшлі рукі – дайшлі і яшчэ як.
Наша госця Таццяна Нядбай з Беларускага ПЭНа. А журы конкурсу традыцыйна вызначыць тры найлепшыя кнігі ў жанры мастацкай або дакумэнтальнай прозы 2022 года.
Беларускае Радыё Рацыя