Таццяны 25 студзеня змогуць бясплатна наведаць віцебскую філармонію
Віцебская абласная філармонія падрыхтавала 25 студзеня для Таццян сюрпрыз: жанчыны з такім імем змогуць наведаць канцэрт бясплатна, паведаміла рэдактар філармоніі Вікторыя Авік.
Таццянін дзень у Віцебску пройдзе пад гукі цымбалаў салісткі абласной філармоніі Таццяны Моўлі. У канцэртнай праграме Around the world прымуць таксама ўдзел Алена Гракава, Леанід Кажарскі і Таццяна Шахрай. „Увечары 25 студзеня выканаўцы адправяць слухачоў у кругасветнае музычнае падарожжа. Пранізлівая, чуллівая мелодыя „Лібертанга” Астара П’яцолы перадасць атмасферу паўднёвай аргенцінскай ночы. Яркі і эмацыянальны танец „Даўлуры” ў апрацоўцы Мікалая Нарыманідзэ азнаёміць з нацыянальным мастацтвам грузінскага народа. Жыццярадасныя „Карцінкі Кубы” Барыса Векслера намалююць для віцебскай публікі трапічны рай Вострава Свабоды”, – адзначыла Вікторыя Авік.
Атрымаць асалоду ад лепшых мелодый з розных куткоў свету віцебскія Таццяны змогуць бясплатна пры прад’яўленні дакумента, што засведчвае асобу. Колькасць „імянных” білетаў абмежавана.