Тату з нацыянальнай афарбоўкай: гарадзенскай “Мроі”- год



Сотні працаў з “Пагоняй”, альбо нацыянальным сцягам, гістарычныя сімвалы, альбо арнаменты – гарадзенская тату-студыя “Мроя” адзначае год працы.

За якімі тату да майстроў “Мроі” прыходзяць людзі, распавядае заснавальнік студыі Аляксандр Кульба:

– Перш за ўсё, гэта як быццам нязбытная мара – мроя. Такая задумка была, якую не кожны можа дасягнуць, але жадае гэтага. Так атрымалася, што ў нас менавіта вялікую долю прац складаюць нацыянальнага фармату працы – гэта геральдычныя выявы з часоў ВКЛ, можа нейкія больш раннія, дахрысціянскія беларускія сімвалі і аж да цяперашніх часоў.

На думку Аляксандра, тату з нацыянальнымі сімваламі цікавяць людзей рознага ўзросту:

– Большасць з тых, хто з’ехаў з Беларусі, калі на некаторы час вяртаюцца на Радзіму, каб узяць з сабой нейкі кавалачак свядомасці сваёй нацыянальнай, робяць менавіта тату з выявамі “Пагоні”, Б-Ч-Б, васількі, арнаменты. Гэта нацыянальная тэматыка ў іх самая запатрабаваная.

Гарадзенская “Мроя” прымае таксама ўдзел у розных тату-фэстах, дзе майстры тату займаюць першыя месцы за беларускаарыентаваныя татуіроўкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня