“Таямнічы свет кажаноў” на “Мове Нанова” ў Гародні



Даследчык рукакрылых, заолаг, супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Аляксей Шпак прадставіў гарадзенцам на сустрэчы курсаў “Мова Нанова Гародня” свае веды пра кажаноў.

Даследчык упэўнены, што гэтых жывёлаў амаль не ведаюць – таму сустрэча мела назву “Таямнічы свет кажаноў”.

– Насамрэч людзі ведаюць пра кажаноў вельмі-вельмі мала. Гэта павязана з іх ладам жыцця. Яны вельмі рэдка трапляюць на вочы людзям. Кажаны вядуць начны лад жыцця. І жывуць у такіх месцах, куды людзі трапляюць вельмі рэдка. Гэта першае. І па-другое, кажаны вельмі адметныя ад усіх другіх млекакормячых жывёл.

Гарадзенцы, што прыйшлі на сустрэчу, упэўненыя, што ў школах і ВНУ пра гэтых жывёл амаль нічога не распавядаюць:

– Гэтая тэма асветлена вельмі слаба і ў школьным, і ва ўніверсітэцкім курсах. Таму я прыйшоў, каб даведацца пра такіх унікальных жывёлак больш.  

– Тэма кажаноў для мяне цікавая тым, што мы проста мала пра іх ведаем. Таму што гэта істоты, якіх мы бачым нячаста. Шмат чуем пра іх нейкіх забабонаў. І таму гэтая тэма цікавая.

Аляксей Шпак апроч тэарэтычных ведаў прывёз на сустрэчу невялічкага параненага кажана, каб людзі змаглі пабачыць, як ужывую выглядае занесеная ў Чырвоную Кнігу Беларусі жывёла.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня