“Таямніцы ілюстраванай старонкі”



21 снежня а 17-й гадзіне ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца адкрыццё выставы-прэзентацыі “Таямніцы ілюстраванай старонкі”.

Увазе гледача будуць прадстаўлены зборнік-інтэрв’ю Вольгі Паўлючэнка “Малюнак пад кніжнай вокладкай” і творы яе суразмоўцаў – вядучых беларускіх кніжных графікаў. Серыя інтэрв’ю зроблена падчас працы ў газеце “Літаратура і мастацтва”, дзе Вольга Міхайлаўна працавала ў аддзеле “Кніжны свет”. Гасцямі старонкі “Мастак і кніга” былі Арлен Кашкурэвіч, Мікалай Казлоў, Алена Лось, якіх ужо няма з намі. І тыя, хто сёння працягвае пачэсную працу ў галіне беларускага кнігадрукавання, – Валерый Славук, Павел Татарнікаў, Юрый Якавенка, Раман Сустаў, Уладзімір Савіч, Юрый Хілько, Сяргей Волкаў, Аксана Аракчэева, Вячаслаў Паўлавец, Вольга і Юрый Крупянковы, Алег Карповіч і многія іншыя славутыя беларускія мастакі.

***

Паўлючэнка (Норына) Вольга Міхайлаўна – журналіст, рэдактар, паэтэса. Нарадзілася ў 1965 г. у Менску. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1987 г. Аўтар кніг “Пока на свете есть сирень” (2009), “Городская трава” (2011), “С поправкой на время (2017). Творы выдаваліся ў калектыўных зборніках “Вернёмся, как в апреле птицы” (ч. 1 – 2005, ч. 2 – 2009), “Пакуль б’ецца сэрца…” (2013), “Калі цвіла чаромха” (2014), “Последняя женщина дона Хуана” (2014). Чалец Беларускага саюза журналістаў з 1998 года. Чалец Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2011 года. Жыве і працуе ў Менску.

Выстава будзе працаваць да 6 студзеня.

Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі).

Тэлефон: 327-26-12.

Беларускае Радыё Рацыя