ТБМ арганізавала канферэнцыю пра моўныя правы (абноўлена)



Моўныя правы і іх абарону абмеркавалі ў Менску ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Яна былы арганізавана Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах кіраўніка гэтай арганізацыі Алега Трусава, праблема моўных правоў абмяркоўвалася на прыкладах не толькі Беларусі, але і суседніх краінаў. Таму на мерапрыемства былі запрошаны спецыялісты не толькі з Беларусі.

–  Гэтыя спецыялісты маюць дачыненне да беларускай мовы. З Украіны, з Расеі, з Польшчы ёсць прадстаўнік і з Літвы. Плюс многія даслалі свае тэксты, таму што не ўсе маглі прыехаць. Нашая мэта – выдаць зборнік гэтых матэрыялаў. У зборніку будзе больш тэкстаў. Улады былі запрошаныя – з розных міністэрстваў і ведамстваў. Ад іх ніякіх адказаў мы не атрымалі. Але і няма ніякага, слава богу, пярэчання. Так што, улады – самі па сабе, мы – самі па сабе.

 Удзельнікі канферэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой адзначылі, што ў некаторых краінах неад’емнае права на карыстанне роднай мовай парушаецца і ігнаруецца. Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі падтрымалі намаганні сусветнай супольнасці, выкладзеныя ў Канвенцыі ЮНЕСКА і накіраваныя на ахову і заахвочванне разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення, у тым ліку і моў.

* * *

На Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі „Моўныя правы і іх абарона”, якую наладзіла ў Менску Таварыства беларускай мовы, выступіла ўдзельніца з Беластоку, прадстаўніца арганізацыі Аб’яднанне бацькоў (АБ – БА) Барбара Пякарская.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Яна падрабязна распавяла пра тое, як намаганнямі жыхароў гораду захоўваецца беларускамоўнае асяроддзе.

– У такім вялікімі горадзе, ваяводскім, не зацікаўлены, каб пашыраць беларускасць. Зацікаўлены былі мы, бацькі, і таму ад 20-ці гадоў працуем у гэтым накірунку. Найперш, ствараючы ўмовы для навучання ў садку, потым у пачатковых школах і ліцэі. І за гэтыя 20 гадоў мы, як грамадская арганізацыя, якая абапіраецца на працу толькі выключна бацькоў і настаўнікаў, зрабілі вельмі многа.

20 гадоў таму ў Беластоку беларускай мове амаль ніхто не вучыўся. І за гэты час колькасць тых, хто вывучае беларускую мову ад нуля ўзрасла да 300 вучняў, – распавяла Барбара Пякарская. Хаця агульныя тэндэнцыі і кепскія. Малыя мовы пад моцным ціскам моў вялікіх. Ангельская, нямецкая, французкая могуць спатрэбіцца паўсюдь. А беларуская? Нават у Беларусі цяжка пагаварыць на роднай мове, не кажучы ўжо пра тое, каб вучыцца на ёй. Але здавацца нельга. І паспяховы прыклад Беластоку як раз пераконвае ў гэтым, – кажа Барбара Пякарская.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

* * *

Развіццё і абарона беларускай мовы знаходзіцца зараз амаль цалкам у руках грамадзянскай супольнасці, – лічыць беларускі публіцыст Алесь Чайчыц, які зараз жыве ў Маскве. Выступаючы на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі „Моўныя правы і іх абарона”, якая адбылася ў Менску, ён падкрэсліў, што дзяржава ставіцца абыякава да абароны беларускай мовы. На яе трэба ўвесь час ўздзейнічаць, каб дабіцца нейкіх пазітыўных зрухаў у абароне мовы:

– Становішча вельмі дрэннае. Беларуская мова дэ-факта не з’яўляецца дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь. Не можа ісці размова ні пра якое раўнапраўе беларускай мовы і расейскай мовы, ні пра які поўнавартасны рабочы статус мовы ў Рэспубліцы Беларусь. І гэта вельмі дрэнна. Гэта парушэнне моўных правоў, гэта вялікая шкода беларускай мове як элементу культурнай спадчыны беларусаў усіх, незалежна ад месца іхняга пражывання.

У такой сітуацыі грмадзянская супольнасць Беларусі, як унутры краіны так і за яе межамі, павінна ўзмацніць сваю дзейнасць па абароне мовы. І дзейнічаць актыўна, сучасна, крэатыўна. Сам лад мыслення і дзеянняў беларускіх грамадскіх дзеячоў павінен змяніцца, быць максімальна несавецкім, максімальна прагрэсіўныў. Трэба гэтаму выучыцца і рэалізоўваць гэта ў жыцці, – сказаў Алесь Чайчыц.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара