ТБМ будзе выдаваць “Нясвіжскія каеты”



У Нясвіжы на сходзе нацыянальнай грамады, ядро якой стварае Нясвіжская раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы (ТБМ), абвешчана пра заснаванне чарговага выдання ТБМ – гістарычна-краязнаўчага часопіса “Нясвіжскія каеты”.

Што за “каеты”, адкуль яны ўзяліся? Такое пытанне наш карэспандэнт задаў намесніку старшыні Таварыства беларускай мовы, рэдактару газеты “Наша слова” Станіславу Судніку.

“Слова “кает” бытавала на Нясвіжчыне да 1960-х гадоў і абазначала просты сшытак. Паступова школьныя словы “сшытак” і “тетрадь” выцеснілі “кает”, і слова пачало забывацца. У памяці жыхароў вёскі Сейлавічы захавалася сцэнка з жыцця, калі бабка прыйшла ў сяльмаг і папрасіла “кает”. Маладая і ўжо “вучоная” гандлярка слова такога не ведала, а прысутны народ падказваць не спяшаўся, чакаючы, што з таго цырку выйдзе. Кает бабка ўсё-такі купіла, а нясвіжскія краязнаўцы паміж словамі “хроніка”, “аналы”, “запісы”, “дыярыюшы” выбралі слова “каеты”, каб вярнуць яго з небыцця. Слова “кает” у польскай мове пазначана як састарэлае і больш не ўжываецца. Паходзіць яно недзе з італьянскай ці французскай мовы. Занесена да нас ці не ў часы каралевы Боны.

Назва вызначыла і форму часопіса. Форма самая простая – без усякай тэматычнай прывязкі і строгіх рубрык. Якія матэрыялы ўдасца падрыхтаваць, тыя і пойдуць у нумар. Зрэшты, ёсць у Польшчы “Zeszyty historyczne” (“Гістарычныя сшыткі”). Але ў нас будуць “Нясвіжскія каеты”, – распавёў Станіслаў Суднік.

Часопіс спланаваны як электронны, канцавы прадукт будзе выходзіць у рэжыме ПДФ адзін раз на квартал. Кожны зможа сам раздрукаваць сабе папяровую версію. Па словах Станіслава Судніка, вызначана і рэдкалегія выдання з вядомых асобаў Нясвіжчыны.

Гэта Дранчук Валер, журналіст, пратэстны эколаг, сябар ТБМ; заснавальнік і выдавец газеты „Белавежская пушча” (1995 – 2001); аўтар каляндарнай серыі „Маляўнічая Бацькаўшчына”, кніг і праектаў па захаванні культурнай спадчыны і прыроднага асяроддзя; лаўрэат міжнароднай прэміі Генры Форда (1999) і прэміі Пэн-цэнтра імя Алеся Адамовіча. Жыве ў Нясвіжы.

Качановіч Леанід, гісторык, педагог, сябар ТБМ, адзін з укладальнікаў кнігі гістарычнай хронікі „Гарадзея”, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім. Жыве ў Гарадзеі.

Плакса Наталля, школьны педагог, краязнаўца, старшыня раённай арганізацыі ТБМ; аўтар культурна-гістарычных выпускаў раённага радыёвяшчання па Менскай вобласці; суаўтар каляндарнай серыі „Маляўнічая Бацькаўшчына” („Невядомая Нясвіжчына”). Жыве ў Карцэвічах Нясвіжскага раёна.

Суднік Станіслаў, рэдактар газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі летапісец”, намеснік старшыні ТБМ.

Першы нумар “Нясвіжскіх каетаў” мае выйсці 25 сакавіка 2019 года.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя