ТБМ: Наша задача — зрабіць беларускую мову адной з паўнапраўных моў аб`яднанай Еўропы



Сакратарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) 18 сакавіка, за тыдзень да чарговай гадавіны абвяшчэння БНР, прыняў зварот да грамадства пра пашырэнне ўжытку мовы тытульнай нацыі. Тэкст дакумента апублікавала на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” старшыня ТБМ Алена Анісім.

„Сто тры гады таму паўстала Беларуская Народная Рэспубліка, дзеячы БНР упершыню за некалькі стагоддзяў забыцця голасна абвясцілі пра дзяржаўнасць нашай роднай беларускай мовы, — адзначана ў звароце. — Шмат падзей адбылося з таго часу. У 1991 годзе аднаўленне незалежнай Беларусі сталася гістарычным фактам. Беларуская мова была абвешчаная адзінай дзяржаўнай і паступова пачала пашырацца ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця”.

„Сёння наша задача не толькі захаваць сваю мову для нашчадкаў, але і зрабіць яе адной з паўнапраўных моў аб`яднанай Еўропы. На жаль, чакаць у гэтай справе належнай падтрымкі ад сённяшняй улады не выпадае. Але беларуская мова ёсць і будзе заўсёды дзяржаўнай. Таму наша задача — развіваць яе, карыстацца ёю ў штодзённым жыцці”, — падкрэслілі аўтары дакумента.

Сакратарыят ТБМ заклікаў грамадства паўсюль размаўляць па-беларуску — „годна, упэўнена, ветліва”, запаўняць на беларускай мове „ўсе афіцыйныя паперы, анкеты, квіткі”, звяртацца па-беларуску да дзяржаўных асоб. „Будзьце прыкладам для іншых, нясіце ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі ў сваім сэрцы, пачувайцеся гаспадарамі на сваёй зямлі, думайце і разважайце па-гаспадарску, а гэта значыць па-беларуску”, — заклікалі сябры арганізацыі.

belapan.by