ТБМ прапануе ўсталяваць помнік Купалу ў Магілёве



Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” прапануе ўсталяваць помнік Янку Купалу ў Магілёве.

Як заявіў БелаПАН старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў, зараз рыхтуецца адпаведны зварот да абласных і гарадскіх уладаў. У выпадку іх станоўчай рэакцыі плануецца абвясціць збор сродкаў на стварэнне і ўстаноўку помніка.

Выступіць з грамадскай ініцыятывай ўстаноўкі помніка песняру ў Магілёве Дзячкоў ўпершыню публічна прапанаваў 19 чэрвеня на кінавечары „Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”, прысвечаным 135-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мерапрыемства праведзенае ўпершыню, было арганізаванае магілёўскім дзяржаўным прадпрыемствам „Кінавідэапракат” і сабрала поўную залу найстарэйшага ў горадзе кінатэатра „Чырвоная зорка”.

„Як шануецца памяць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Магілёве? Кажуць, дзесьці ёсць вуліцы Якуба Коласа і Янкі Купалы, а хто-небудзь ведае, дзе гэтыя вуліцы? Ніхто не ведае — недзе ў прыватным сектары. Ёсць дзве бібліятэкі, якія таксама знаходзяцца на перыферыі. Я думаю, прыйшоў час нам, магілёўцам, паклапаціцца аб тым, каб ушанаваць памяць Янкі Купалы, які напісаў цэлую паэму, прысвечаную гісторыі Магілёва, — „Магіла льва”, — заявіў перад прысутнымі Дзячкоў, адзначыўшы, што помнік паэту варта паставіць у парку Горкага ля плошчы Славы.

На кінавечары былі паказаныя два дакументальныя фільмы „Янка Купала: я адплаціў народу…” і „Я часовы вандроўнік. Якуб Колас — паэт і чалавек”, створаныя кінастудыяй „Беларускі відэацэнтр” ў 2012 і 2011 гадах.

Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Казека заявіў прысутным, што класікі беларускай літаратуры жывуць у вершах сучасных паэтаў — у іх творах выяўляецца тая моц слова, якая была закладзеная Купалам і Коласам.