ТБМ працуе над канчатковай версіяй статута ўніверсітэта Альбарутэнія
Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) зараз актыўна працуе над канчатковай версіяй статута будучага прыватнага ўніверсітэта „Альбарутэнія” з беларускай мовай навучання. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным ТБМ справаздачным дакладзе за 2015—2017 гады старшыні аб’яднання Алега Трусава.
З гэтым дакладам ён выступіць на XIII з’ездзе аб’яднання, які адбудзецца 29 кастрычніка ў Мінску.
У сваёй справаздачы Трусаў адзначыў, што напрыканцы 2015 года па ініцыятыве ТБМ быў сфарміраваны аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання, у які ўвайшлі прадстаўнікі розных грамадскіх і палітычных арганізацый. Ён дадаў, што 11 верасня Мінгарвыканкам выдзеліў асобнае памяшканне „для дзейнасці будучага ўніверсітэта як структурнай адзінкі ТБМ”.
Раней кіраўнік аб’яднання паведамляў БелаПАН, што ўлады горада зарэгістравалі офіс будучага ўніверсітэта ў памяшканні на вуліцы Шчарбакова, 32. Трусаў выказваў меркаванне, што пасля рэгістрацыі статута ўніверсітэта фармальнасці па атрыманні права на адукацыйную дзейнасць зоймуць прыблізна год.
Як усе неабходныя дакументы і дазволы будуць атрыманыя, ва ўніверсітэце спачатку пачне працу магістратура, куды плануецца прыняць 200—300 студэнтаў. Паводле слоў Трусава, на першым этапе неабходна падрыхтаваць магістраў, якія пасля заканчэння змогуць стаць выкладчыкамі ўніверсітэта для студэнтаў-бакалаўраў.
„У нас ёсць выкладчыкі, у тым ліку тыя, хто раней працаваў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, якія будуць выкладаць на беларускай мове. Арыентацыя ў нас будзе на класічны ўніверсітэт з апорай на гуманітарныя навукі. Не выключаю, што таксама будзе падрыхтоўка ў IT-сферы, юрыстаў, па некаторых медыцынскіх спецыяльнасцях”, — сказаў Трусаў. Ён упэўнены, што ўніверсітэт будзе карыстацца „велізарным попытам”.
belapan.by