ТБМ выдала прадукцыю, прысвечаную Краўцову, Смолічу і Багдановічу
Таварыства беларускай мовы выдала паштоўку, прысвечаную пісьменніку і ўдзельніку Слуцкага збройнага чыну Макару Краўцову. Таксама выдадзены каляндар на 2016 год. Ён прысвечаны Аркадзю Смолічу – грамадскаму дзеячу і намесніку старшыні Інбелкульта. Пра гэта паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў.
– Паштоўка прысвечана 125-ым угодкам Макара Краўцова, гэта аўтар словаў гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Таксама выйдуць насценныя календары з выявай Аркадзя Смоліча, яму таксама ў студзені 125 гадоў. І ўжо надрукавалі календары, вялікія і маленькія, прысвечаныя Багдановчу. Усім 125 гадоў. Так што жадаючыя хай звяртаюцца ў сядзібу ТБМ, сядзібу БНФ, дзе можна азнаёміцца з гэтай прадукцыяй.
Раней лідскае аддзяленне Таварыства беларускай мовы выпусціла свой асобны каляндар на 2016 год. Ён выдадзены ў гонар 425-годдзя надання Лідзе Магдэбургскага права.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя