“Тэатр не павінен маўчаць. Зброя тэатра – гэта і ёсць слова”



Купалаўцы падрыхтавалі новы праект, накіраваны на падтрымку ўкраінскіх дзеячаў культуры. Пра яго ў нашым эфіры распавяла акторка тэатру Крысціна Дробыш.

– Гэта не спектакль, але гэта паўнавартасны эфір. За аснову мы ўзялі два дзённікі двух чалавек. Адзін з іх – пісьменнік Анатоль Стрэляны, які жыве ва Украіне, у Ахтырцы. Кожны дзень ён піша дзённік, своеасаблівую хроніку падзей. Другі чалавек – Яўген Барышнікаў – беларус, ён знаходзіцца зараз у Львове і дапамагае ўсім, хто мае патрэбу ў дапамозе. Ён таксама піша дзённік штодзень у фэйсбуку, распавядаючы пра сваё жыццё і пра лёсы тых, хто праходзіць побач з ім. І мы ўзялі за аснову гэтыя два дзённікі і склалі невялічкую храналогію падзей, уражанняў. Два жыцці. Два лёсы, якія паралельна існуюць у адной краіне, у розных яе частках. Але ў краіне, якая цалкам ахопленая вайной.

Таму мы запрашаем сёння а 19-й па менскім часе на эфір, дзе мы зачытаем гэтыя дзённікі. Чытаць будзе Алег Гарбуз, Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Аляксандр Зелянко, Валянціна Гарцуева, Міхась Зуй і я таксама. І самае галоўнае, мы заклікаем далучыцца разам з намі да падтрымкі, да збору сродкаў у падтрымку ўкраінскіх дзеячоў культуры, арганізаваную Фондам Open Culture, Беларускім ПЭНам, ПЭНам Украіны і Польскім ПЭН-клубам. Ужо першыя 5 тысяч еўра сабраныя і перададзеныя ў ПЭН Украіны. І нашым эфірам мы хочам падтрымаць збор і выказаць сваю пазіцыю наконт таго, што зараз адбываецца ва Украіне.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя