Тэатр ценяў у вершах і прозе
У менскай кнігарні „Логвінаў” прайшла сумесная прэзентацыя новай кнігі Альгерда Бахарэвіча “Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры” і новага зборніка вершаў Юлі Цімафеевай “Цырк”.
Аўтары зладзілі для гасцей імправізаваны тэатр ценяў падчас чытання ўрыўкаў з новых выданняў.
Альгерд Бахарэвіч распавёў, што сярод герояў яго новай кнігі ёсць і ён сам разам з жонкай Юляй.
– Усе тэксты, якія ўвайшлі ў гэтую кнігу, можна падзяліць на тры групы. Па-першае, гэта тэксты пра тое, які след пакінуў Парыж у беларускай літаратуры. Па-другое, у кнізе ёсць містычнае апавяданне “Магіла Нестара Махно”. І па-трэцяе, гэтая кніга пра своеасабісты досвед, фікшын пра тое, што мы рабілі з Юляй у Парыжы.
Вершы ж, якія ўвайшлі ў новы паэтычны зборнік Юлі Цімафеевай, пісаліся цягам апошніх двух гадоў, у якіх аўтарка рэфлексуе з балючага, прыватнага і грамадскага, такім чынам, раскрывае перад чытачамі сваю ўнутраную арэну цырка.
– Гэта кніга пра той хаос, які ёсць унутры цябе, але ты адчуваеш ягоны кантраст паміж нейкім нармальным, скажам так, жыццём.
Абедзве кнігі былі напісаныя пераважна ў Парыжы, дзе аўтары тры месяцы працавалі ў мясцовым культурным цэнтры.
[Not a valid template]
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара