Тэатральна-музычная вечарына Людмілы Паўлікавай-Хейдаравай
Звычайна імпрэзы ў сталічнай Галерэі TUT.BY праходзяць пры поўнай зале. Аднак, у гэтыя дні шмат аматараў прыўкраснага, запрошаных на тэатральна-музычную вечарыну Людмілы Паўлікавай-Хейдаравай апынуліся ў менш камфортных месцах і не змаглі прыйсці на імпрэзу. Гаворыць сама паэтка.
— У апошнія дні такі быў настрой, што я не ведала, ці сама дажыву, ці дажывуць людзі, якія мелі тут сабрацца, ці дажыве гэтая галерэя да сустрэчы. Не ўсё яшчэ вярнуліся дахаты, як з вайны. Але ўсё гэта мінецца, я веру ў тое, што наш свет будзе светлым ад нас, бо мы ёсць, мы — народ.
На вечарыне, зладжанай з нагоды «круглай» даты з дня нараджэння Людмілы Хейдаравай, гучалі песні на яе словы ў выкананні бардаў, быў паказаны спектакль, пастаўлены па яе вершах. А самой паэтцы давялося пасля заканчэння імпрэзы доўга падпісваць прыхільнікам яе творчасці свае кнігі.
Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара