Тэатральны фестываль “Блізкі Усход” пройдзе ў Любліне ў другі раз
Тэатральны фестываль “Блізкі Усход” пройдзе ў Любліне ў другі раз. Ідэя нарадзілася пасля пратэстаў і рэпрэсій у Беларусі, у выніку якіх у краіне ўзніклі складанасці з рэалізацыяй творчых праектаў. Тады ў Польшчы і задумалі фестываль, каб стварыць прастору для артыстаў з Беларусі.
Сёлета фестываль распачынаецца 11 снежня. Слоганам другога фестывалю з’яўляецца “Запрашэнне ў пекла”, гэта назва адной з песень Яцэка Качмарскага, – паведамляецца ў прэс-рэлізе.
Дырэктар фестывалю рэжысёр Павал Пасіні анансаваў канцэрт песень барда “Салідарнасці”, якія праспявае незалежны тэатральны калектыў “Купалаўцы”.
Мерапрыемства адбудзецца ў рамках святкавання ў Любліне гадавіны ўвядзення ў Польшчы ваеннага становішча.
Агулам падчас фестывалю, які будзе праходзіць цэлы тыдзень, свае праекты пакажуць незалежныя артысты з Беларусі ды Украіны. Пазнаёміцца з усёй праграмай можна на сайце мерапрыемства. Уваход на паказы – вольны.