„Тэатральныя вечарыны” адкрыюцца ў Краснаполлі



У Краснаполлі на Магілёўшчыне 11 чэрвеня адкрыецца традыцыйны міжнародны фестываль аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны”. Гэта ўжо будзе восьмы па ліку фестываль.

Перад пачаткам мерапрыемства адбудзецца сустрэча мясцовых жыхароў і ўдзельнікаў фестываля з драматургам з Гомеля Васілём Ткачовым. А потым народны тэатр Краснапольскага раённага цэнтра культуры пакажа спектакль па яго п’есе “Жаночы вулей”. Баранавіцкі ўзорны тэатр-студыя “Паралель” таксама прывязе на фестываль спектакль па п’есе Васіля Ткачова “Лялькі”.

Менскі народны тэатр”На Доўгім бродзе” пакажа дзіцячую казку-камедыю”Воўк and Чырвоны каптурык”, а берасцейская тэатральная студыя “Зялёны ліхтарык” парадуе прысутных пластычнай візуляцыяй “Дарогай дзіцячых слёз”. Дарэчы, народны тэатр “На Доўгім бродзе” прывязе таксама спектаклі “Гандляр дажджу” па п’есе Рычарда Нэша і “Седзячы на чамаданах” па п’есе А.Багданава.

Падчас “Тэатральнах вычарын” выступяць таксама тэатр на хадулях “Вясёлыя веліканы” з Магілёва, этнагрупа “Стары фальварак” з Гомеля, рокгрупа “Афазія” з Магілёва, святлавое шоу з Гомеля “Flach Lights”, студыя фарбаў з Віцебска і іншыя. Пакажуць свае сцэнічныя пастаноўкі і тэатральныя калектывы са Смаленска, Екацярынбурга і Гатчына.

Летась у Краснаполлі быў адкрыты сімвал фестывалю “Тэатральныя вечарыны”. Адсюль і пачнецца свята для тых, хто любіць тэатральнае мастацтва.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя