„ТэкСтыльны букет” аб’яднае народныя тэхнікі і нетрадыцыйныя арт-аб’екты
ІІІ Міжнародны фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва „ТэкСтыльны букет” пройдзе з 16 па 20 чэрвеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, паведамілі ва ўстанове.
Майстры з Беларусі, Латвіі, Расеі і Украіны прадставяць работы, створаныя ў самых розных тэхніках мастацкага тэкстылю: ткацтва, размаляваныя дываны, пэчварк, лямцаваленне, батык, набіванка. „Ідэя фестывалю заключаецца ў прэзентацыі на адной выставачнай пляцоўцы творчых дасягненняў як прафесійных мастакоў, якія займаюцца тэкстыльным мастацтвам, так і аматараў, якія імкнуцца захаваць традыцыйныя спосабы работы з тэкстылем”, – адзначылі арганізатары.
„Дэвіз фестывалю 2021 года – „Сусвет”, бо ў кожнага чалавека Сусвет свой, які ахоплівае ўсю знешнюю і ўнутраную прастору асобы”, – упэўнены ў НЦСМ.
Наведвальнікі змогуць убачыць на фестывалі работы вядомых беларускіх мастачак Святланы Баранкоўскай, Таццяны Макляцовай, Вольгі Рэднікінай, Наталлі Лісоўскай, Людмілы Петруль з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. „Яны акунаюць у сусвет канцэптуальных ідэй і творчай разнастайнасці”, – падкрэслілі арганізатары.
На форуме таксама будзе прадстаўлены праект „Расеі жаночая душа” расейскай творчай групы. Майстрыхі з розных гарадоў Расеі і Латвіі стварылі ў тэхніцы лапікавага жывапісу вобразы рускіх жанчын паводле матываў цыкла работ мастака Андрэя Сімакова „Рускі каляндар”.
Традыцыйна свой праект прэзентуе мінскі квілт-клуб лапікавага шыцця „Валошкі”. „Натхненнем для праекта „Не загаснуць зоркi ў небе” сталі касмічныя прасторы, цудоўныя і невядомыя. З дапамогай спалучэння бліскучых, металізаваных і матавых тканін, колераў і форм, ліній і выгінаў, арыгінальных прыёмаў ручнога, машыннага шыцця і валення майстры імкнуліся візуалізаваць вобразы загадкавага космасу”, – дадалі ў НЦСМ.
„Унікальную традыцыйную тэхналогію ажурнага ткацтва „кісяя” Гарадоцкага раёна адраджае Марына Гушчо. У 2013 годзе гэта тэхніка была ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Асобная зала фестывалю адведзена для прэзентацыі ўнікальнага віду народнай творчасці беларусаў – размаляваных дываноў (маляванак). Крыніцамі сюжэтаў і вобразаў для маляванак сталі беларускія легенды і міфалогія”, – прадоўжылі арганізатары.
На фестывалі гледачы таксама азнаёмяцца з куратарскім праектам Хрысціны Высоцкай. „Гэта адна з самых вядомых прадстаўніц маладога пакалення мастакоў, якія працуюць у напрамку мастацкага тэкстылю. Праект „Космас” уключае творы студэнтаў і выпускнікоў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Работы маладых мастакоў – гэта арт-аб’екты і інсталяцыі, створаныя з выкарыстаннем нетрадыцыйных для мастацкага тэкстылю матэрыялаў і форм. Свае работы ўпершыню прадставяць майстрыхі Урала Вольга Арэшка, Галіна Храмцова, Лізавета Манерава і Яўгенія Смалякова”, – расказалі ў НЦСМ.
Арганізуюць фестываль НЦСМ, менскі квілт-клуб лапікавага шыцця „Валошкі”, тураператар „Культурныя прыгоды”. У час форуму пройдуць лекцыі, майстар-класы, творчыя сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі. З падрабязнай праграмай можна азнаёміцца на сайце НЦСМ.