Тэмпературны максімум на дні народзінаў Юрыя Стыльскага
Лідар самага вядомага панк-гурта Беларусі “Дай Дарогу!” адзначыў дзень народзінаў суперсэйшэнам, у якім прынялі ўдзел іншыя берасцейскія выканаўцы.
Гурты “Сцяна”, “Сад”, “Плюмбум”, “Ландаў”, “БёздэйБэнд” і яшчэ больш за 600 чалавек прыйшлі павіншаваць Юру Стыльскага з днём народзінаў. У не самым вялікім клубе была процьма людзей і вакол усё рухалася, скакала, крычала і танчыла.
Сам Юра адчувае сябе горцам.
РР: Колькі табе ўжо гадоў?
Стыльскі: Я – горац. Нарадзіўся ў 18 стагоддзі і зараз мне 328 гадоў.
РР: А помніш самы круты свой дзень народзінаў?
Стыльскі: Безумоўна. Гэта было яшчэ пры Кацярыне Другой. Яна не магла дроў адшукаць, каб растапіць печ, прыйшлося яе саграваць.
РР: Самы лепшы падарунак?
Стыльскі: Жаночыя ласкавыя абдымкі.
РР: Ёсць творчыя мары, якія не паспеў рэалізаваць яшчэ?
Стыльскі: Мы яшчэ не парвалі Расею, як хацелі. У нашых планах захоп свету. Яшчэ трошкі – і ён нам пакарыцца. Лыжы ўжо націраем. А там далей будзе бачна.
РР: Новы альбом чакаць?
Стыльскі: Новы альбом зараз у міні-замарозцы. Зараз мы робім работу над памылкамі.
6 гадзін працягваўся канцэрт, было настолькі горача, што не ўсе адначасова маглі знаходзіцца ўнутры. Тут для Юры Стыльскага спявалі песні і неслі падарункі, сярод якіх былі і карціны ад вядомай берасцейскай мастачкі Марыі Радзько, і цішотка ад фанатаў, і нават страусінае яйка ад музыкаў. Наступны канцэрт Стыльскі паабяцаў зрабіць у месцы, дзе змесцяцца ўсе.
[Not a valid template]
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота Васіля Бруха